2011-04-04 13:02:48

"Зварот да вытокаў". Ігнат Антыяхійскі - Пасланне эфесцам


Шаноўныя слухачы Ватыканскага радыё! Вітаю вас на чарговай перадачы з цыклу Зварот да вытокаў.

Працягваем вандроўку па хрысціянскай старажытнасці. Сёння мы зробім нешта накшталт прыстанішча, затрымаемся ў Эфесе пачатку другога стагоддзя. Мэтай гэтага побыту будзе, аднак, не агляд гарадскіх славутасцяў, хоць паглядзець было б на што, бо другое стагоддзе – гэта перыяд найвялікшага росквіту гэтага малаазіяцкага горада. Але мы перанясемся ў гэты горад, каб далучыцца да слухачоў навукі св. Ігната Антыяхійскага. Ён ужо вядомы нам з папярэдняй перадачы: нагадаю, што гэта адзін з найбольш ранніх хрысціянскіх дзеячаў, які пакінуў пасля сябе пісьмовыя творы, а менавіта сем пасланняў да розных цэркваў і да біскупа Смірны, Палікарпа. Ён пакінуў таксама прыклад спакою духа і раўнавагі перад абліччам пакутніцкай смерці.

Адно з пасланняў, напісаных св. Ігнатам па дарозе ў Рым, было скіравана да хрысціянскай супольнасці ў Эфесе. Паслухайма ўрыўкі гэтага паслання.

Ігнат, званы Тэафорам, царкве, адоранай вялікім дабраслаўленнем усяе паўнаты Бога Айца, прызначанай спакон веку да жыцця ў вечнай славе, непарушна задзіночанай і выбранай у праўдзівым цярпенні, з волі Айца і Ісуса Хрыста, Бога нашага, царкве сапраўды шчасця вартай, якая знаходзіцца ў Эфесе – сардэчнае прывітанне ў Ісусе Хрысце і незаплямленай радасці (Эфeсцаў, Уступ).

Заўважма, што Ігнат мае цікавае прозвішча – Тхэофорос, што значыць: баганосец, той-хто-нясе-Бога. Гэтае самаакрэсленне ён змяшчае на пачатку кожнага са сваіх пасланняў, падобна як св. Павел амаль паўсюль прэзентуецца як апостолёс Іесоу Хрістоу – пасланнік Ісуса Хрыста. Аднак, нашэнне пачэснага тытулу «Баганосец» не замінае Ігнату ўсведамляць сябе як вучня:

Не даю вам распараджэнняў – піша ён эфесцам – так, як быццам бы я быў кімсьці важным. Я, хоць і арыштаваны дзеля Імя Хрыстовага, але не з'яўляюся яшчэ дасканалым у Ісусе Хрысце. Я толькі цяпер пачынаю быць вучнем, а да вас прамаўляю як да сваіх таварышаў па навуцы. Гэта вы павінны намасціць мяне верай, напамінам, цярплівасцю і вытрымкай. Аднак, любоў не дазваляе мне маўчаць тады, калі стаўкай з'яўляецца ваш інтарэс, таму я першы пачаў вас заахвочваць, каб вы паводзілі сябе ў адпаведнасці з думкаю Божай. (ІІІ).

У цэлым сардэчнае і прыязнае пасланне месцамі набывае суровы і нават гнеўны характар.

Не слухайце нікога, хто вам кажа штось іншае, чым праўду аб Ісусе Хрысце. Бунтоўныя людзі любяць насіцца з Іменем Божым, паводзячы сябе інакш, не так, як тое падабаецца Богу. І іх вы павінны пазбягаць як дзікіх звяроў. Бо гэта шалёныя сабакі, якія ўпотай кусаюць. Мы павінны іх асцерагацца, бо раны ад іхніх зубоў гояцца доўга і цяжка.

Што ж падштурхнула святалюбнага біскупа ўзяць такі суровы тон? Што гэта за «шалёныя сабакі», асцярагацца якіх ён раіць эфесцам? З кантэксту можна здагадацца, што гаворка йдзе пра дакетаў, адну з раннехрысціянскіх груповак, якія лічылі, што Ісус Хрыстос меў фікцыйнае цела, дэ факта, быў бесцялесны. Гэта толькі людзям здавалася, што Ён меў цела. Сёння гэты погляд можа здацца зусім дзіўным, мы прывыклі да таго, што ў сучасным свеце часам ставіцца пад сумнеў боская прырода Ісуса, а вось чалавечая Яго прырода амаль нікім не аспрэчваецца. Вось жа ў першым і другім стагоддзі было інакш. Мабыць, у той перыяд, калі памяць пра гістарычнае жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне Ісуса была яшчэ свежай і жывою, некаторыя людзі настолькі праймаліся звышнатуральным характарам усяго гэтага, што гатовы былі пасунуцца аж да адмаўлення цялеснасці Ісуса Хрыста. Магчыма, ім здавалася, што адмаўляючы цялеснасць Ісуса, яны абараняюць такім чынам боскі характар Яго Асобы.

Так ці інакш, ведаем, што такія хрысціянскія аўтарытэты таго часу, як Ігнат Антыяхійскі, не вагаюцца ў іх адрас кіраваць даволі моцныя эпітэты, тыпу «шалёныя сабакі». Дарэчы, гэты эпітэт яшчэ даволі лагодны ў параўнанні з тым, які скіраваў на іх адрас Ян Багаслоў, аўтар трох кананічных пасланняў. Ян называе іх «антыхрыстамі». Такая жорсткая пазіцыя сігналізуе дзве рэчы: па-першае, дакеты найвідавочней былі ўплывовай групай, былі немалаважным «асяродкам гравітацыі», які прыцягваў да сябе многіх хрысціян; а па-другое, бачым, наколькі важным для хрысціянскіх настаўнікаў была абарона пераканання, што Хрыстос прабываў у праўдзівым чалавечым целе. Быў чалавекам.

У кантэксце палемікі з дакетамі св. Ігнат змяшчае прыгожы рытмізаваны тэкст, які з'яўляецца праўдападобна адным з найбольш ранніх «сімвалаў веры». Паслухайма яго:

Адзін ёсць Лекар,
цялесны і адначасова духоўны,
народжаны і ненароджаны,
Бог, які стаўся ў целе,
у смерці жыццё праўдзівае,
народжаны з Марыі і народжаны з Бога,
спачатку паддадзены цярпенню,
а цяпер ужо яму не паддадзены,
Ісус Хрыстос, Госпад наш.

Гэтым веравызнаннем мы і закончым сённяшнюю перадачу. Дзякую за ўвагу і развітваюся словамі, якія вельмі перагукваюцца з толькі што цытаваным веравызнаннем: слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.