2011-04-04 13:20:29

"Зварот да вытокаў". Сівілійскія кнігі - нефармальны "стары запавет"?


Добры вечар, шаноўныя слухачы!

Сёння першага красавіка – дзень, які мае гумарыстычную афарбоўку, таму сённяшнюю перадачу пачну ад анегдота на тэму жыцця старажытных манахаў. (Хто ведае, можа быць, гэты анегдот адлюстоўвае якоесь рэальнае здарэнне?..) І так, адзін александрыйскі біскуп, які не быў прызвычаены да аскетычных умоў манаскага жыцця, вымушаны быў спыніцца на ноч у пэўным манастыры ў Энатон (Егіпет). Не паспеў легчы на матрас у прыдзеленай яму келлі, а тут бачыць трох тараканаў. Паклікаў якогась брата-манаха і звярнуў яму на гэта ўвагу. Той у адказ: «Ну, не праймася так, ойча, урэшце рэшт гэта ўсяго толькі тараканы. А да таго ж, глянь: яны мёртвыя, дык напэўна ніякай крыўды табе не ўчыняць!» Назаўтра раніцой біскуп устаў і, пабачыўшы таго ж брата, сказаў яму: «Тыя тараканы, якіх я ўчора вечарам пабачыў, і сапраўды былі мёртвыя. Але каб ты ведаў, які натоўп пазней сабраўся на іх пахаванне!»

Што ж, давайце пяройдзем цяпер да тэмы сённяшняй перадачы, падчас якой мы пачнем гаварыць пра ролю сівілійскіх прароцтваў у раннехрысціянскай думцы і структуры веры. Памятаем з адной з папярэдніх перадач, што візіянер Гермас, пабачыўшы велічную пажылую жанчыну, спантанна падумаў, што гэта Сівілла. (Пазней анёл растлумачыў яму, што тая жанчына насамрэч увасабляе Эклесію, гзн. Царкву.) Я ўжо казаў, што ў Сікстынскай капліцы ў Ватыкане маюцца выявы пяці сівіллаў – Перскай, Эрытрэйскай, Дэльфійскай, Кумскай і Лівійскай. Усе гэтыя сівіллы змешчаны ў адным шэрагу з прарокамі Старога Запавету. Што больш, у сярэднявеччы спрэс да Трыдэнцкага Сабора ўва ўсёй каталіцкай Еўропе на вігілію Божага Нараджэння спявалася так званая «Песня Сівіллы», ды і да гэтага часу ў некаторых касцёлах Заходняй Еўропы гэтая традыцыя ўтрымліваецца. Ну, а найбольш, бадай, вядомым хрысціянскім гімнам, дзе згадваецца сівілла (разам з Давідам), ёсць гімн Dies irae – гімн, які і сёння шмат дзе спяваецца падчас альбо пасля Імшы за памерлых. Гімн пачынаецца такім трохрадкоўем:

Dies irae, dies illa,
solvet saeculum in favilla,
teste David cum Sibylla.

(«Дзень той, дзень гневу, сатрэ свет гэты ў попел, згодна з тым, што прадказвалі Давід і Сівілла»).

Дык хто такія сівіллы, як і чаму яны здабылі такую вялікую пашану ў хрысціянскім свеце?

Я ўжо меў нагоду коратка распавесці пра сівіллаў; у адну з папярэдніх пятніц казаў, што сівіллы – гэта легендарныя прарокіні старажытнага язычніцкага свету. Пачатак гэтым легендам быў дадзены, найверагодней, якімісь рэальнымі здарэннямі; можам здагадвацца, што ў розных месцах старажытнага свету, ці то ў Азіі, ці Еўропе, ці Афрыцы, сапраўды жылі і дзейнічалі якіясь харызматычныя жанчыны, якія займелі вялікі рэлігійны аўтарытэт і пачалі трактавацца як боганатхнёныя асобы. Зрэшты, і ў Святым Пісанні раз-пораз сустракаем згадкі пра боганатхнёных жанчын, дзеля прыкладу, Дэвора, якая была прарокіняй, а ў пэўны момант стала таксама на чале вызвольнага руху ізраільцянаў; прарокіня Алдана; прарокіня Ганна, якая прысутнічала пры ахвяраванні Ісуса ў святыні.

У апошнія стагоддзі старой эры і першыя стагоддзі пасля нараджэння Хрыста паўстаў шэраг «сівілійскіх кніг», якія былі ў пашане не толькі народных масаў Рымскай імперыі, але і ў асяроддзі палітычнай ды святарскай эліты. У ІІ – І стагоддзі да н.э. паўстае нешта накшталт «канону» язычніцкага «Святога Пісання», які складаўся з тых сівілійскіх кніг, якія былі прызнаныя рымскімі жрацамі як боганатхнёныя. Гэтыя кнігі захоўваліся і ахоўваліся пад скляпеннем галоўнага храма Імперыі, храма Юпітэра Капіталійскага. У часы стыхійных бедстваў або палітычных крызісаў рымляне звярталіся да гэтых кніг дзеля выяснення прычынаў бедства і каб знайсці адказ на пытанне, што рабіць, каб багі выратавалі ад няшчасця.

У 405 годзе хрысціянскай эры Флавій Стыліхон, правіцель Заходняй Рымскай імперыі загадаў спаліць сівілійскія кнігі, што і было зроблена. Тым не менш, прароцтвы сівіллаў паспелі ўвайсці ў калектыўную памяць хрысціян і то настолькі глыбока, што праз усё сярэднявечча, новы час і спрэс да нашых дзён яны згадваліся амаль як інтэгральная частка духоўна-рэлігійнай спадчыны хрысціян, надзвычай красамоўным сведчаннем чаго ёсць змяшчэнне сівіллаў у адным шэрагу са старазапаветнымі прарокамі на фрэсках Сікстынскай капліцы. Некаторыя Айцы Царквы ды аўтарытэтныя хрысціянскія пісьменнікі старажытнасці ў сваіх творах спасылаюцца на сведчанні сівіллаў, каб падмацаваць свае вывады. Сярод іх: святы пакутнік Юсцін, Тэафіл, біскуп антыяхійскі, Тэртуліян, св. Клімент Александрыйскі, Лактанцый, св. Аўгусцін.

Паўстае пытанне: як так сталася, што творы, родам з язычніцкага свету, набылі аўтарытэт і нават рэлігійную значнасць сярод хрысціян? Ці не ёсць перагібам выказванне Тэртуліяна, у якім ён назваў адну Сівіллу «праўдзівай прарокіняй Праўды»?

Гэтым пытаннямі мы зоймемся на наступнай перадачы. Сёння развітваюся з Вамі, дарагія слухачы, жадаю добрага пачуцця гумару, усмешкі і прадчування радасці Хрыстовай Пасхі.

Слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.