2011-04-04 13:13:01

"Зварот да вытокаў". Сустрэча з містычнай Эклезіяй (візіі Гермаса)


Добры вечар, дарагія слухачы! Рады вітаць Вас на чарговай перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў».

Не ідзі навонкі, увайдзі ў сябе, бо ўнутры чалавека ісціна жыве – гэтыя словы св. Аўгусціна можна трактаваць як пуцяводніцу для ўсіх зацікаўленых духоўнымі глыбінямі. Твор Гермаса «Пастыр», які мы пачалі чытаць падчас мінулай перадачы, з'яўляецца, бадай, адным з найбольш спелых пладоў гэтага руху-ўглыб, інтравертыўнага сузірання вобразаў, якія паходзяць з глыбіняў свядомасці, а можа і несвядомасці.

Памятаем, што правадніком Гермаса па прасторах духоўнага свету з'яўляецца жанчына, якая явіцца ў розных іпастасях. Спачатку явіцца яна як успамін пра ягоную гаспадыню, шляхетную і прыгожую Родэ. За другім разам ён бачыць тую самую Родэ, але як прадстаўніцу нябеснага свету. Яна пачаткова абвінавачвае яго ў нейкім бліжэй не акрэсленым грэху супраць яе, але затым суцяшае, запэўнівае, што Бог прабачыць яму гэту правіну. За трэцім разам явіцца яму сівавалосая, пажылая, але пры гэтым высакародная жанчына. Яна чытае якуюсь таемную кнігу і заклікае Гермаса да мужнасці. Чацвёртым разам з'яўляецца зноў гэтая ж пажылая жанчына, але на гэты раз ужо не чытае, а ўручае Гермасу тую таемную кнігу, у якой ён прачытвае спачатку прыкрыя, а потым – абнадзейваючыя словы.

Жанчына, якая з'яўляецца ў розных іпастасях, явіцца як крыніца пэўных знакаў, сэнс якіх Гермас намагаецца адкрыць. Спачатку гэтымі знакамі былі словы, а потым кніга. Але пасля чацвёртага з'яўлення Гермас усведамляе, што сама жанчына з'яўляецца тут нейкім знакам. Што гэта за знак? Гэтае пытанне дапамагае яму выразіць юнак (анёл). Ён пытае ў Гермаса:

- Ці ведаеш, хто гэтая пажылая жанчына?
- Сівіла! - гэта першае, што прыходзіць Гермасу ў галаву. (VIII,1)

Тут маленькае паясненне. Сівілы – гэта легендарныя прарокіні, якія былі ў вялікай пашане ў грэка-рымскім свеце. Сівілійскія кнігі – гэта язычніцкі адпаведнік габрэйскіх навіім – корпуса прарочых кніг юдэйскага Святога Пісання. Сімптаматычна, што пры выглядзе велічнай сівавалосай жанчыны, у Гермаса ўзнікае думка менавіта пра Сівілу. Варта тут таксама заўважыць, што свае візіі Гермас мае ў Кумах, італійскім мястэчку, дзе, водле падання, прарочыла славутая Сівіла Кумская. (Яе мастацкі вобраз можам сузіраць у Сікстынскай капліцы ў Ватыкане. Мікеланджэла Буонароці прадставіў яе менавіта як пажылую жанчыну з кнігай у руках і двума анёламі праваруч. Дарэчы, яна там змешчана ў адным шэрагу з прарокамі Старога Запавету.)

- Памыляешся – кажа юнак-анёл – гэта не Сівіла.
- Дык хто яна?
- Гэта Эклесія.

Слова «эклесія», мяркую, ужо знаёмае. Нагадаю, што гэта адно з першых і найгалоўнейшых назоваў супольнасці веруючых у Хрыста. Гэтае грэцкае слова азначае літаральна: супольнасць скліканых або пакліканых. Ва ўсходнеславянскай традыцыі замацавалася слова «царква» як адпаведнік «эклесіі». (Праўда, у Рыма-каталіцкай Царкве Беларусі чамусьці прынялося слова «касцёл», што наўрад ці ёсць добрай ідэяй. Але пакінем сучасную тэрміналогію ўбаку.) «Царква» таксама мае грэцкае паходжанне, яно паходзіць ад слова kyrike, якое з'яўляецца прыметнікам і азначае: гасподняя. Няцяжка здагадацца, што kyrike ў грэцкамоўным абшары функцыянавала як частка ўстойлівага словазлучэння: ekklesia kyrike: Гасподняе скліканне, або Гасподняя супольнасць. Такім чынам, слова «царква» - гэта нішто іншае, як неадлучная спадарожніца слова «эклесія», і хоць, перайшоўшы ў іншыя мовы і апрануўшыся ў іншыя фанетычныя і графічныя шаты, яна функцыянуе як самастойнае слова, то ўсё ж у глыбінна-сэнсавым плане застаецца залежнай ад галоўнага слова: эклесія.

Гермас быў, бадай, тым, хто паклаў пачатак традыцыі персаніфікавання царкоўнай супольнасці. Царква-Маці, Царква-Дзева, Царква-Нявеста-Хрыста – гэта ўсё вобразы, якія цягам гісторыі будуць з'яўляцца і набываць багаслоўскае значэнне, але імпульс гэтаму даў, як здаецца, Гермас. Што праўда, імпульс ішоў таксама і ад прарокаў Старога Запавету, якія часам выкарыстоўвалі вобраз нявернае жонкі ў сваёй крытыцы грахоў ізраільскага народу. Але вобраз Царквы як велічнай нябеснай спадарыні паходзіць менавіта з візій Гермаса.

- Чаму яна такая старая? - пытае Гермас у анёла.
- Бо Госпад стварыў яе раней за ўсіх. Вось чаму яна такая старая – увесь сусвет для яе створаны.

(І так, Эклесія – гэта спаконвечная істота. Міжволі ўзгадваецца Юнгава Magna Mater – Вялікая Матка, архетыпічная таемная жаночная істота, якая – водле Юнга – вельмі лёгка праектуецца на калектыўныя аб'екты – племя, нацыю, дзяржаву, у гэтым выпадку – Царкву.)

Гэта не канец візій Гермаса. Наадварот, найцікавейшае пачынаецца ў сувязі з пятым з'яўленнем жанчыны. Але пра гэта будзе гаворка на наступнай перадачы.

Дзякую, шаноўныя слухачы, за ўвагу. Слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.