2011-04-01 13:03:16

Мінск: знойдзены старажытныя каталіцкія могілкі


RealAudioMP3 Падчас правядзення археалагічных работ вакол будынкаў кляштара айцоў бернардынаў і касцёла св. Юзафа былі знойдзены парэшткі 51 чалавека. Аб гэтым паведаміла агенства БелаПАН.

Па словах галоўнага навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук археолага Вадзіма Кошмана, у сярэдзіне XVII стагоддзя каля ўзгаданага комплекса будынкаў узніклі спачатку кляшторныя, а затым і гарадзкія каталіцкія могілкі, якія пазней былі адзначаны на планах горада пачатку XIX стагоддзя. На могілках пахаваныя святары, фундатары храма а таксама гараджане-католікі.

На працягу XIX-XX стагоддзяў часткова на месцы могілкак былі ўзведзены гандлёвыя рады. Далейшыя рэканструкцыі кляшторнага комплексу і новая гарадская забудова цалкам сцерлі сляды гэтых старажытных могілак. Такім чынам яны неаднаразова падвяргаліся прафанацыі ў працэсе будаўнічых і аднаўленчых работ.

Як адзначыў археолаг, па выніках антрапалагічнага даследавання былі ідэнтыфікаваныя астанкі мужчын, жанчын і дзяцей, гараджан розных узростаў. Прычым на некаторых фрагментах астанкаў выяўлены прыжыццёвыя пашкоджанні.

Паведамляецца, што пасля завяршэння земляных работ усе сабраныя парэшткі плануецца перадаць Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі для наступнага перапахавання.

У курыі архідыяцэзіі гэтую інфармацыю пакуль што не каментуюць.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.