2011-03-31 12:49:46

Саудаўская Аравія: жанчынам не дазволяць галасаваць


RealAudioMP3 Жанчынам у Саудаўскай Аравіі не будзе дазволена прымаць удзел у муніцыпальных выбарах, заявіў прадстаўнік Выбарчай камісіі. Паведамленне аб правядзенні гэтых выбараў было апублікавана на мінулым тыдні, у якасці першай саступкі пасля таго, як масавыя пратэсты ў шэрагу арабскіх краін дасягнулі саудаўскага каралеўства. Рэгістрацыя выбаршчыкаў пачнецца 23 красавіка, а самі выбары прызначаныя на 22 верасня.

Саудаўская Аравія з'яўляецца манархіяй, якая кіруецца каралеўскай сям'ёй аль-Саудаў у цесным саюзе з духавенствам, якое прытрымліваецца ісламскага напрамку вахабізму.

Жанчыны ў каралеўстве з'яўляюцца аб'ектам своеасаблівай сістэмы мужчынскай “апекі”, згодна з якой яны могуць здзяйсняць паездкі ці ўладкоўвацца на працу толькі атрымаўшы на тое дазвол ад бацькі, брата ці мужа. У краіне забаронены ўсе палітычныя партыі і няма парламента.

Першы раунд муніцыпальных выбараў, на якіх абіралі толькі 50% дэпутатаў, адбыўся ў 2005 г. упершыню за апошнія 40 гадоў. Жанчынам у іх было забаронена прымаць удзел. Другі раунд гэтых выбараў быў прызначаны на 2009 г., але быў адкладзены на два гады. З 2005 года ў краіне запаволіўся працэс правядзення некаторых рэформ, хоць кароль працягваў гэтыя рэформы ў галіне эканомікі з мэтай паслаблення ўплыву правага духавенства, якое падазраецца ў сімпатыях да “Аль-Каіды”.

Шыіцкай меншасць насельніцтва каралеўства правяла шэраг дэманстрацый ва ўсходніх раёнах краіны, дзе знаходзяцца асноўныя нафтаздабываючыя прадпрыемствы. Аднак, большасць насельніцтва, якое прытрымліваецца суніцкай плыні ісламу, не падтрымала заклік шыітаў правесці агульнанацыянальную дэманстрацыю пратэсту 11 сакавіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.