2011-03-29 13:06:02

Свецкія асобы ў Касцёле (частка 2). “ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”


RealAudioMP3 У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца: “Ініцыятывы свецкіх асоб з’яўляюцца асабліва неабходнымі, калі справа тычыцца адкрыцця хрысціянскай дактрыны (...) у сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай галінах” (899), - падкрэслівае эксперт нашага радыё па ІІ Ватыканскім Саборы кс. Дарыюш Кавальчык. З гэтага пункту гледжання з’яўляецца больш зразумелым сцверджанне папы Пія ХІІ аб тым, “што свецкія асобы знаходзяцца на першым месцы ў жыцці Каталіцкага Касцёла”.

Эксперт кажа, што Сабор вельмі аптымістычна ставіўся да свету. Але ў дэкрэце аб свецкіх асобах гаворыцца аб вельмі сур’ёзных памылках, якія распаўсюджваюцца і “імкнуцца цалкам знішчыць рэлігію, маральны парадак i само чалавечае грамадства” (6). Менавіта ў кантэксце такога меркавання сёння свецкія асобы пакліканы да ўдзелу ў новай евангелізацыі, - адзначае кс. Кавальчык.

Дэкрэт аб свецкіх асобах “Apostolicam actuositatem” падкрэслівае два аспекты апостальства вернікаў: асабістае сведчанне праз сваё жыццё і намаганні, каб “словам абвяшчаць Хрыста як няверуючым, каб прывесці іх да веры, так і веруючым, каб іх навучыць, умацаваць i заахвоціць да больш адданага жыцця” (6)

Трэба адзначыць, што Другі Ватыканскі Сабор звяртаецца да маладых людзей, якія павінны стаць першымі і неадкладнымі апосталамі для сваіх аднагодкаў. “Дзеці таксама маюць сваю апостальскую дзейнасць. Па меры сваіх сілаў яны сапраўды з’яўляюцца жывымі сведкамі Хрыста сярод аднагодкаў” (12), - гаворыцца ў дэкрэце аб апостальстве свецкіх.

Вялікае поле для апостальскай дзейнасці адкрываецца на нацыянальным і міжнародным узроўні. “Католікі, кампетэнтныя ў дзяржаўных справах і належна ўмацаваныя ў веры і хрысціянскім вучэнні, не павінны ўхіляцца ад грамадскай дзейнасці” (14), - заклікае Сабор.

Як адзначае кс. Дарыюш Кавальчык, касцёльная іерархія павінна садзейнічаць апостальству сярод свецкіх асоб. Ёсць шматлікія апостальскія ініцыятывы, якія прапануюць і якімі кіруюць самі свецкія асобы. Сярод іх новыя касцёльныя рухі, якія, па словах Яна Паўла ІІ, ствараюць сапраўдную “вясну Святога Духа”, што павінны падтрымаць святары.







All the contents on this site are copyrighted ©.