2011-03-29 14:33:40

Кардынал Шонборн звярнуў увагу на пераслед хрысціянаў


RealAudioMP3 Палітыкі не павінны забывацца аб пакутах пераследаваных хрысціянаў на Блізкім Усходзе і ў іншых частках свету. Гэта падкрэсліў кардынал Крыстаф Шонборн, пасля афіцыйнай сустрэчы ў Вене прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў Аўстрыі з міністрам замежных спраў Міхаэлем Шпіндэлегерам.

Паміма прагрэсу ў асобных пытаннях "культурная, прававая і рэлігійная сітуацыя хрысціян у мусульманскіх краінах далёкая ад стандартаў у галіне правоў чалавека", - сказаў старшыня аўстрыйскай біскупскай канферэнцыі.

Кардынал падкрэсліў, што становішча хрысціян у Іраку і нядаўнія выбухі ў Егіпце ў пачатку гэтага года сведчаць аб тым, што рэлігійная свабода ў якасці "асноўнага права чалавека" парушаецца ў гэтых краінах. У гэтым кантэксце, іерарх з задавальненнем адзначыў дзейнасць Аўстрыі ў гэтым напрамку, і сказаў, што ўрад мае станоўчае стаўленне да хрысціян, і не з-за "рэлігійных перакананняў", а таму, што "свабода веравызнання з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, парушэнне якога прыводзіць да парушэння іншых правоў".

Важнай тэмай сустрэчы была абарона нядзелі, як дня свабоднага ад працы. Дыскусія па гэтай тэме адбываецца ў сувязі з уніфікацыяй заканадаўства Еўрасаюза адносна працоўнага часу.

Міністр Шпіндэлегер адзначыў вялікае значэнне "дыялогу з рэлігійнымі супольнасцямі і паміж імі". Ён падкрэсліў, што дыялог з'яўляецца "неабходным для міру і бяспекі". Міністр замежных спраў Аўстрыі таксама выказаў упэўненасць, што "свабода вызнавання рэлігіі з'яўляецца элементарным асноўным правам, якое трэба бараніць з поўнай рашучасцю".







All the contents on this site are copyrighted ©.