2011-03-29 17:18:25

"Homo caritatis". Айцоўства і навучанне Касцёла


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме я хачу закрануць яшчэ адзін аспект сямейнага жыцця, аб крызісе якога апошнія часы вядуцца шырокія дыскусіі – гэта айцоўства і роля мужчыны ў сямейным жыцці. Хоць у кампендыўме сацыяльнага навучання Касцёла айцоўства не разглядаецца асобнай тэмай, але тым не менш, аб важнай ролі бацькі ўзгадваецца ў агульным кантэксце сямейнага жыцця. Касцёл неаднаразова звяртаў увагу на ролю мужчыны ў выхаванні дзяцей, на неабходнасць адказнай, сталай, трывалай прысутнасці мужчыны ў жыцці дзіцяці.

Асабліва блізкай гэтая тэма была Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ, які прысвяціў тэме айцоўства некаторыя кнігі, напісаныя ў той час калі ён быў яшчэ маладым святаром. Сярод іх “Ззянне айцоўства”, “Любоў і адказнасць”, “Перад крамай ювеліра”. Акрамя таго, гэта тэма разглядалася Вялікім папам ў яго афіцыйных касцёльных дакументах, якія ён напісаў ўжо будучы Рымскім Пантыфікам. Сярод дакументаў Яна Паўла ІІ можна ўзгадаць некаторыя: напрыклад, энцыкліка “Redemptor hominis” (“Адкупіцель чалавека”); апостальскія адгартацыі “Familiaris consortio” (“Сямейная садружнасць”), “Redemptoris custos” (“Апякун адкупіцеля”) дакумент аб св. Юзэфе; ліст да сем’яў аб выхаванні дзяцей “Gratissimam sane” (“Сапраўды, гэта самае прыемнае”).
Такая ўвага Пантыфіка да айцоўства, тлумачыцца не толькі яго асабістымі пачуццямі, але таксама і шматлікімі сведчаннямі таго, што гэты інстытут перажывае шматлікія цяжкасці. На сённяшні стан айцоўства паўплывалі многія фактары: сацыяльныя, эканамічныя, культурныя.

Нажаль, у наш час, культывіруецца зусім іншы позірк на ролю мужчыны ў сям’і, чым той які дамінаваў у папярэднія эпохі. Вобраз бацькі, які часцей ззяе з тэлевізійных экранаў, гэта ніяк не вобраз адказнага, разумнага, клапатлівага айца. Такі ідэал фармаваўся пад уплывам пэўных каштоўнасцяў, натхнёных Святым пісаннем, ці жыццяпісамі святых.

Героямі сучасных фільмаў, часцей за ўсё, з’яўляюцца айцы, якія пазбягаюць сур’ёзных адносінаў з жанчынамі, якія адсутнічаюць дома, якія злоўжываюць алкаголем, наркотыкамі, з’яўляюцца агрэсарамі або маюць псіхічныя праблемы. Вельмі рэдка, можна пабачыць у кіно, да якіх наступстваў для іх сем’яў прыводзіць такі лад жыцця “супергероя”. Ці ўвогуле атрымліваецца ў іх стварыць добрыя сем’і.

Акрамя таго, адзін з лепшых даследчыкаў сучаснага грамадства Зыгмунд Баўман, звяртае ўвагу на тое, што сённяшні свет усё часцей прапаноўвае нам прадукты ўжо гатовыя да спажывання, хуткія вырашэнні ўсіх праблем, імгненныя задавальненні, вынікі, якія не патрабуюць асаблівых намаганняў, гарантыі ад усялякіх рызыкаў. Такія ідэалы мы пераносім і на нашае асабістае жыццё. Адсюль вынік: шматлікія аборты і разводы, няздольнасць ствараць трывалыя адносіны і г.д.

Вобразы і ўмовы створаныя сучаснай культурай прыводзяць да таго, што інстытут айцоўства перажывае крызісныя часы. Яго наступствы для грамадства з’яўляюцца вельмі трывожнымі. Па-дадзеных некаторых сацыялагічных даследванняў у ЗША, большасць жыхароў гэтай краіны, назвалі крызіс айцоўства асноўнай праблемах грамадства. Аб праблемах у гэтай сферы кажа той факт, што у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, пачалі ўзнікаць “нядзельныя школы” для айцоў. Наступствы адсутнасці айца ў жыцці дзіцяці, або яго няздольнасць адказна выконваць свае функцыі, вельмі часта з’яўляецца прычынай дзіцячай злачыннасці, ранняй цяжарнасці, псіхічных траўм і праблем з развіццём дзіцяці: яго закрытасць, комплексы і г.д..

Праблема палягае ў тым, што сучасныя мужчыны не ведаюць ці не жадаюць выконваць функцыі, якія яны маюць у сям’і. Аб гэтых функцыях напісана вельмі шмат літаратуры. У сваім дакуменце “Familiaris consortio” (“Сямейная садружнасць”), Ян Павел ІІ вылучае чатыры асноўныя функцыі, якія павінен выконваць мужчына ў сям’і:

Мужчына абавязаны забяспечыць умовы для ўсебаковага развіцця ўсіх членаў сям’і. Ён адказвае за захаванне жыцця ўсіх зачатых дзяцей; Ён павінен прымаць удзел у выхаванні дзяцей сумесна са сваёй жонкай; акрамя таго, Святы Айцец звяртае ўвагу на тое, што мужчына не павінен брацца за працу, якая парушае адзінства сям’і. І нарэшце апошняя функцыя: сведчыць удасным прыкладам аб сталым хрысціянскім жыцці.

Як бачна айцоўства з’яўляецца інстытутам неабходным для нармальнага функцыянавання сям’і і грамадства. Калі ён не выконвае гэтыя функцыі, не задавальняе пэўныя патрэбы, то ў сацыяльным жыцці адбываюцца праблемы. Таму, Касцёл заклікае мужчын заняць сваё месца ў жыцці грамадства, праз выкананне пэўных функцыі, якія з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю ўпоўні рэалізаваць сябе як айца і мужчыну. Закончыць сваё разважанне я бы хацеў словамі вядомага пісьменіка Яцэка Пулікоўскага, які кажа аб тым, што “айцоўства з’яўляецца галоўнай кар’ерай мужчыны”.

Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.