2011-03-27 13:48:53

Святы Айцец заклікаў да спынення гвалту ў Лівіі


RealAudioMP3 Пасля сённяшняй малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец звярнуў увагу на сітуацыю ў Лівіі. Папа заклікаў да дыялогу, які прывядзе да спынення ваенных дзеянняў. “Ва ўмовах усё больш драматычнай інфармацыі, якая паступае з Лівіі, павялічваецца мой непакой аб бяспецы грамадзянскага насельніцтва, і мая турбота аб развіцці сітуацыі, якая ў цяперашні час характарызуецца прымяненнем зброі. - сказаў Бэнэдыкт XVI. - У перыяды павышанай напружанасці больш актуальнай становіцца неабходнасць звароту да ўсіх даступных сродкаў, якія мае дыпламатыя, і падтрыманне нават самых слабых сігналаў адкрытасці і імкнення да прымірэння паміж усімі бакамі ў пошуках устойлівых і мірных рашэнняў”.Папа заклікаў міжнародныя арганізацыі, палітычнае і ваеннае кіраўніцтва да неадкладнага дыялогу, які прывядзе да спынення гвалту.

Пантыфік звярнуўся таксама да ўладаў краін Блізкага Усходу, дзе ў апошнія дні адбыліся розныя інцыдэнты, звязаныя з гвалтам, каб першынство там заўсёды меў “шлях дыялогу і прымірэння ў пошуках справядлівага і братэрскага суіснавання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.