2011-03-26 12:41:50

Бэнэдыкт XVI: хуткі рытм спажывецтва пагражае скрасці сэнс святаў


RealAudioMP3 26 сакавіка Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі пілігрымаў з дыяцэзіі Тэрні-Нарні-Амелія, якія прыбылі ў Рым з нагоды 30-й гадавіны візіта Яна Паўла ІІ на сталеліцейныя заводы, якімі славіцца гэты рэгіён Італіі.

Святы Айцец адзначыў, што яго вялікі папярэднік “меў асаблівую любоў да свету працы. Ён заўсёды натхняў рабочых, выказваў ім сваю салідарнасць і прывязаннасць”. “Таксама і сёння я ведаю, што ваш дыяцэзіяльны Касцёл адчувае адказнасць за тое, каб быць побач з вамі, - сказаў Папа - каб перадаваць вам надзею Евангелля і сілу, якая дапаможа будаваць грамадства больш справядлівае і годнае чалавека. Ён робіць гэта указваючы на крыніцу, якой з’яўляецца Эўхарыстыя”. Пантыфік дадаў, што “праз Эўхарыстыю мы вучымся хрысціянскаму жыццю ў грамадстве, каб рабіць яго больш клапатлівым, больш салідарным, больш багатым любоўю, больш уважлівым да патрэбаў усіх, асабліва найбольш слабых. Выраз “быць эўхарыстычным”, не азначае толькі маральнага закліку, скіраванага да асобных людзей, але нашмат больш: гэта заклік удзельнічаць у дынамізме Езуса, які аддае сваё жыццё, каб усе былі адно”.

У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў, што “праца з’яўляецца адным з фундаментальных элементаў чалавечай натуры і грамадства” і неабходна лічыцца з тым, што “небяспечныя ўмовы працы, робяць небяспечным стан самаго грамадства, стан жыцця згодна з патрэбамі супольнага дабра”.

Акрамя таго, Святы Айцец звяртаючыся да пілігрымаў з дыяцэзіі Тэрні-Нарні-Амелія, сказаў, што “праца дапамагае быць бліжэй да Бога”. “Ян Павел ІІ падчас візіту ў Тэрні, казаў, што “Евангелле працы” было напісана дзякуючы таму, што Сын Божы, стаўшы чалавека, працаваў сваімі рукамі. Так, праз фізічную працу, якой ён займаўся большую частку свайго жыцця, ён увайшоў у справу збаўлення чалавека і свету. Ужо гэта нам кажа аб годнасці працы, якая з’яўляецца часткай справы адкуплення чалавека”, сказаў Бэнэдыкт XVI.

Напрыканцы Папа з занепакоенасцю адзначыў, што “нажаль, у нашых грамадствах хуткі рытм спажывецтва пагражае скрасці нават сэнс святаў і нядзелі, як дзён прысвечаных Пану і бліжнім”.







All the contents on this site are copyrighted ©.