2011-03-26 15:23:36

Апублікавана кніга “самалётных” інтэрв'ю Яна Паўла II


RealAudioMP3 Прэзентацыя кнігі “Спадарожнікі. Інтэрв'ю Яна Паўла II падчас палётаў” (Compagni di viaggio - Interviste al volo con Giovanni Paolo II) адбылася на радыё Ватыкана. Гутаркі Папы з журналістамі, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу, праходзілі ў самалёце падчас шматлікіх паездак Пантыфіка. Склала зборнік журналістка Анджэла Амброджэці.

Зборнік гутарак створаны на аснове аўдыёзапісаў, прадстаўленых дырэктарам Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Расшыфраваных інтэрв'ю хапіла на 400-старонкавы том. Пры гэтым Ламбардзі адзначыў, што ў архіве радыё захавалася яшчэ шмат нерасшыфраваных аўдыёзапісаў падобных інтэрв'ю.

Кардынал Раберта Туччы, які ў мінулым займаўся арганізацыяй паездак Яна Паўла II, назваў апублікаваныя матэрыялы “сапраўдным скарбам”. Па словах кардынала, сабраныя ў кнізе інтэрв'ю дазваляюць eсвядоміць “непасрэднасць” Папы, якая была менш заўважальнай у афіцыйных прамовах. Туччы адзначыў, што Ян Павел ІІ быў гатовы свабодна адказваць на любыя пытанні, з журналістамі ён размаўляў лёгка, часта жартаваў.

Пры складанні зборніка Анджэла Амброджэці кіравалася не храналагічным, а геаграфічным прынцыпам. Такую логіку пабудовы падказаў сам матэрыял: за амаль 27 гадоў свайго пантыфікату Ян Павел II наведаў пяць кантынентаў. Кніга суправаджаецца прадмовай кс.Фэдэрыка Ламбардзі і спісам журналістаў, якія гутарылі з Папам у самалёце.







All the contents on this site are copyrighted ©.