2011-03-24 12:19:18

“L’Osservatore Romano” крытыкуе Францыю за паспешнасць ваеннай аперацыі ў Лівіі


RealAudioMP3 У сённяшнім выданні “L’Osservatore Romano” выказваецца меркаванне, што Францыя праявіла "паспешнасць", пачаўшы ваенную аперацыю супраць рэжыму лівійскага лідэра Муамара Кадафі, і не каардынуе свае дзеянні з іншымі краінамі.

У артыкуле на галоўнай старонцы выдання аўтары падверглі крытыцы стратэгію Францыі ў лівійскім пытанні. Іх асуджэнне выклікаў факт нежадання Парыжа перадаць камандаванне ваеннай аперацыяй у рукі НАТА.

Пазіцыя кіраўніцтва Францыі, на думку аналітыкаў з “L’Osservatore Romano”, “паказвае з усёй відавочнасцю ўсе палітычныя праблемы гэтай ваеннай аперацыі, якая была пачата Францыяй паспешна і без узгаднення”.

Варта “прыняць пад увагу змену пазіцыі Лігі арабскіх дзяржаў”, а таксама пазіцыю Вялікабрытаніі, Бельгіі і Італіі, якія лічаць, што НАТА павінна ўзяць пад свой кантроль аперацыю, гаворыцца ў артыкуле ватыканскай газеты.

Амерыканскія, французскія і брытанскія ваенныя самалёты і караблі ажыццявілі першыя ўдары па Лівіі ў суботу, 19 сакавіка. Тым не менш, і сёння ў краіне працягваецца барацьба паміж сіламі, лаяльнымі Муамару Кадафі і паўстанцамі, нягледзячы на ​​перададзеную пад мандат ААН т.зв. беспалётную зону, стварэнне якой матывавалася імкненнем спыніць гвалт.







All the contents on this site are copyrighted ©.