2011-03-23 14:46:02

Вялікабрытанія: новы даклад аб рэлігійных пераследах у свеце


RealAudioMP3 Новы даклад брытанскай каталіцкай арганізацыі паказаў, што 75% рэлігійных пераследаў прыпадае на долю хрысціян. Правёўшы даследаванні ў 33 краінах, брытанскі аддзел арганізацыі “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” у сваёй справаздачы пад назвай “Пераследаваныя і забытыя? Справаздача аб хрысціянах, якіх пераследуюць за веру” паведаміў, што самая вялікая колькасць пераследаў адбывалася на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Азіі.

Акрамя агульнавядомых краін – Кітая, Ірана, Паўночнай Карэі і Саудаўскай Аравіі – у справаздачы таксама паведамляецца, што ў такіх краінах, як Венесуэла, Зімбабвэ і нават Святая Зямля зафіксаваныя выпадкі рэлігійных пераследаў. Хрысціяне сутыкаюцца з моцнымі ганеннямі ў 22 краінах сярод 33 разгледжаных, прычым найгоршая сітуацыя для вернікаў склалася ў Егіпце, Іраку, Нігерыі і Пакістане. У дакладзе сказана, што 100 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце падвяргаюцца ганенням.

Эн Виддэкоумб, вядомы брытанскі палітык, спецыяльны пасланнік па рэлігійнай свабодзе арганізацыі “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, сказала, што яна “ўсё больш занепакоеная” паведамленнямі аб запалохванні і жорсткасці ў адносінах да хрысціян. Яна таксама падкрэсліла безгрунтоўнасць спроб брытанскага ўрада абараніць правы рэлігійных меншасцяў ва ўласнай краіне і яго тэндэнцыю не заўважаць пераследаў хрысціян у іншых краінах. “Пара падняць нашы галовы і заступіцца за хрысціянаў, якія пакутуюць за сваю веру”, - сказала яна.

Таксама брытанскі кардынал Кіт Обрайен з Эдынбурга нядаўна назваў пераслед хрысціянаў “самым вялікім скандалам у сферы правоў чалавека нашага пакалення”.







All the contents on this site are copyrighted ©.