2011-03-22 12:42:16

Кардынал Грахалеўскі: адсутнасць арыенціраў і нізкая якасць выкладання філасофіі


RealAudioMP3 22 сакавіка ў залі імя Яна Паўла II прэс-цэнтра Апостальскай Сталіцы прайшла прэзентацыя Дэкрэта аб рэформе навучання філасофіі ў касцёльных установах. Гаворачы аб новым дакуменце, кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, сказаў, што яго дыкастэрыя імкнецца дапамагчы каталіцкім адукацыйным установам у дасягненні іх місіі.

На гэты момант існуюць два нарматыўных дакументы, якія рэгулююць сферу каталіцкай адукацыі, у тым ліку навучанне філасофіі: Апостальская канстытуцыя Яна Паўла II “Sapientia cristiana” 1979 года і Нормы дзейнасці Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, выдадзеныя у тым жа годзе. “Аднак, у зменлівых гістарычных і культурных умовах паўстае патрэба зменаў таксама і ў касцёльным жыцці, у тым ліку і ў акадэмічным свеце”, - падкрэсліў кардынал Грахалеўскі.

Іерарх адзначыў, што кангрэгацыя ўжо правяла частковую рэформу на факультэтах Кананічнага права і ў Вышэйшых рэлігійных навучальных установах. Такім чынам, узнікла неабходнасць і ў рэформе навучання філасофіі.

Кардынал Грахалеўскі, кажучы аб патрэбе такога дакументу, заўважыў, што “слабы бок філасофскай падрыхтоўкі ў многіх касцёльных установах адзначаецца адсутнасцю арыенціраў, асабліва што тычыцца навуковых матэрыялаў і якасці выкладання. Гэты недахоп суправаджаецца сёння таксама крызісам філасофскіх даследаванняў у цэлым, калі розум знаходзіцца пад пагрозай утылітарызму, скептыцызму, рэлятывізму, адсутнасці веры ў патрэбу ведаць праўду аб фундаментальных праблемах жыцця, адмовы ад метафізікі”. У такіх умовах канцэпцыя філасофіі становіцца размытай.

“З другога боку, - сказаў на прэс-канферэнцыі кардынал Грахалеўскі - існуе перакананне, выказане ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ “Fides et ratio”, што падкрэсленне філасофіі ў яе метафізічных кампанентах, мае "вялікае значэнне для пераадолення крызісу, які пранікае сёння ў шматлікія сектары гэтай навукі і выпраўлення некаторыя памылковых паводзінаў, распаўсюджаных у нашым грамадстве", а таксама ўсведамлення таго, што філасофія мае важнае значэнне для фарміравання тэалогіі.

Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі адзначыў, што філасофія пра якую трэба казаць сёння ў катэксце каталіцкіх навучальных устаноў, павінна абвяргаць няправільны падзел паміж розумам і верай, адкрыццё першага на другую, і патрэба падтрымкі веры праз розум.

Тэкст Дэкрэта аб рэформе навучання філасофіі ў касцёльных установах быў зацверджаны на звычайным пасяджэнні Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі 16 чэрвеня 2010 года. Пасля гэтага ён быў перададзены для вывучэння ў Кангрэгацыю Веравучэння і Папскую раду па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.