2011-03-17 12:39:56

У Беларусі дазволяць эксперыменты над эмбрыёнамі і сурагатнае мацярынства


RealAudioMP3 17 сакавіка ў Беларускім парламенце адбудзецца першае чытанне праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх прымяненні”. Ужыванне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій звязана з шэрагам прававых і медыцынскіх, але ў першую чаргу – этычных пытанняў. Гаворка ідзе пра сверхдэлікатную сферу – зараджэнне чалавечага жыцця. Сваю ацэнку законопректа даў выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Георгій Рой.

Святар падкрэслівае, што ў Беларусі метады дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій прымяняюцца ўжо 16 гадоў, але да гэтага часу ў краіне няма закона, які б рэгуляваў гэтую сферу медыцынскай дзейнасці.

Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка закона знаходзіцца зараз практычна на завяршальнай стадыі, ён так і не стаў прадметам сур'ёзнага і ўсебаковага грамадскага абмеркавання. Не адбывалася грамадска-этычная дыскусія па палажэннях будучага закона. Афіцыйных кансультацый з вядучымі хрысціянскімі канфесіямі Рэспублікі Беларусь таксама не праводзілася.

Адна з самых спрэчных частак законапраекта, па словах протаіерэя Роя, - глава аб донарстве палавых клетак. Донарства прадугледжвае бязвыплатную ахвяру. Тут жа ідзе гаворка аб гандлі палавымі функцыямі, што збліжае гэтую практыку да прастытуцыі. Бо і там і тут гаворка ідзе аб продажы сваіх палавых функцый. Выкарыстанне донарскага матэрыялу падрывае асновы сямейных узаемасувязяў, паколькі прадугледжвае наяўнасць у дзіцяці, акрамя "сацыяльных", яшчэ і так званых "біялагічных бацькоў".

18 артыкул законапраекта прадугледжвае права на выбар донара. Гэта, на думку святара, можна расцэньваць як пэўную спакусу еўгенікай. Выбар можа быць заснаваны на інфармацыі, якая прадастаўляецца пацыентам па спецыяльным каталогу, які змяшчае апісанне донара па: ўзросту, вазе, росту, колеру валасоў і іншых паказчыках.

Самыя сур’ёзныя этычныя пытанні, на думку протаіерэя Георгія Роя, узнікаюць у сувязі з 19 артыкулам законапраекта пад назвай: "Абмежаванне на выкарыстанне палавых клетак, эмбрыёнаў у навуковых мэтах". Галоўная праблема тут не ў характары саміх абмежаванняў, а ў легалізацыі самой магчымасці падобных даследаванняў. Даследаванне над эмбрыёнамі, з пункту гледжання хрысціянства, з'яўляецца парушэннем годнасці чалавечай асобы. І розніцы няма, праводзяцца такія эксперыменты да 14-дзённага ўзросту эмбрыянальнага развіцця (менавіта такі перыяд устанаўліваецца законапраектам для магчымасці навуковых эксперыментаў) ці ў больш позні перыяд прэнатальнага развіцця. Бо і самі аўтары праекта прызнаюць за эмбрыёнам статус "жывога арганізма".

Законапраект легалізуе таксама сурагатнае мацярынства. Пры этычнай ацэнцы гэтай з'явы можна сказаць, што яно цалкам параўнальнае з практыкай пакупкі і продажу дзяцей. Дзіця становіцца таварам. Акрамя таго, у выпадку з сурагатным мацярынствам парушаецца сама сутнасць мацярынства і бацькоўства, падрываюцца першаасновы жыцця чалавечага грамадства. Дзіця нараджаецца кандыдатам на пакутлівы крызіс ідэнтычнасці ў будучыні.

У заключэнне святар выказвае надзею на тое, што заканадаўцы да афіцыйнага зацвярджэння закона ўсё ж паспрабуюць узгадніць яго спрэчныя пункты з меркаваннем грамадства ў цэлым і рэлігійных арганізацый у прыватнасці. Настолькі важныя па сваім значэнні і наступствах рашэнні павінны мець больш шырокае і паглыбленае абмеркаванне.







All the contents on this site are copyrighted ©.