2011-03-17 11:04:25

Кардынал Курт Кох сустрэўся з Патрыярхам Кірылам


RealAudioMP3 16 сакавіка 2011 г. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сваёй рабочай рэзідэнцыі ў Чыстым завулку прыняў старшыню Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха. У ходзе гутаркі былі разгледжаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, паведамляе Служба камунікацыі Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата.

У першую чаргу ўдзельнікі сустрэчы закранулі пытанні, якія абмяркоўваюцца ў рамках Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам. З часу заснавання змешанай камісіі ў 1979 годзе яна стала асноўнай пляцоўкай для праваслаўна-каталіцкага дыялогу, у тым ліку і таму, што ў яе працах прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх памесных Праваслаўных Цэркваў. Удзельнікамі камісіі быў узгоднены шэраг дакументаў, якія тычацца вучэння аб Сакрамэнтах і сакрамэнтальнай прыродзе Касцёла.

Як было адзначана, пры маючых месца рознагалоссях па тэалагічных пытаннях, Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл ужо цяпер могуць цесна ўзаемадзейнічаць у тых галінах, у якіх пазіцыі двух супольнасцяў супадаюць, – такіх, як абарона традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе, адстойванне хрысціянскай пазіцыі ў сацыяльна-эканамічнай сферы, у галіне этыкі навуковага даследавання і біяэтыкі. На гэтай аснове магчыма таксама развіваць супрацоўніцтва на пляцоўцы міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, структур Еўрасаюза.

У ходзе гутаркі абмяркоўвалася праблема хрысціянафобіі, якая закранае не толькі рэгіёны, дзе адбываецца адкрыты пераслед хрысціянаў, але і еўрапейскія краіны з шматвяковай хрысціянскай традыцыяй. Еўрапарламент і Камітэт міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў студзені і лютым 2011 г. прызналі існаванне гэтай праблемы, а праваслаўныя і каталіцкія іерархі на розных узроўнях выступалі з агульных пазіцый па пытанні аб дыскрымінацыі хрысціянаў.

Закранаючы тэму лібэральных каштоўнасьцяў, ніяк не звязаных з традыцыйнай мараллю, якія актыўна прапагандуюцца ў апошні час, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству выказаў задавальненне тым, што па гэтым пытанні пазіцыі папы Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Кірыла супадаюць, падкрэсліўшы, што гэта спрыяе далейшаму развіццю супрацоўніцтва паміж Цэрквамі.

Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы адзначыў, што паважае пазіцыю папы Бэнэдыкта XVI, які абараняе касцёльную традыцыю, нягледзячы на ​​процідзеянне ліберальных колаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.