2011-03-17 15:16:50

Германія: лютэране ў асобных выпадках могуць прыступіць да Святой Камуніі


RealAudioMP3 Біскуп Герхард Людвік Мюллер з Рэгенсбурга, які займаецца справамі экуменізму ў нямецкім епіскапаце, паведаміў, што “лютэране, якія жывуць у змешаных шлюбах, могуць у асаблівых выпадках прыступіць да Святой Камуніі”.

Іерарх адхіліў магчымасць увядзення ў Германіі агульных правілаў, якія б рэгулявалі падобныя выпадкі. “Святарам прадстаўлена ў асобных выпадках свабода рашэння”, - сказаў біскуп Мюллер, маючы на ўвазе адпаведныя пункты Кананічнага права, якія, у некаторых выключных сітуацыях, дазваляюць прыняць Святую Камунію ў Каталіцкім Касцёле хрысціянам іншых канфесій. Вырашальным крытэрыем з’яўляецца добрае разуменне асобай каталіцкага вучэння аб Эўхарыстыі.

Па словах кардынала Карла Лемана, былога старшыні нямецкай біскупскай канферэнцыі, такая магчымасць будзе важным стымулам у імкненні да адзінства хрысціянаў. “Мы не павінны пакідаць двух чалавек, якія не па сваёй віне падзеленыя ў веры, але жывуць у чалавечай супольнасці, якая бярэ пачатак ад хрысціянскай веры, і жадаюць у яе духу выхоўваць сваіх дзяцей”, - сказаў іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.