2011-03-17 13:45:27

Германія: Лютэр пераацэнены, але не рэабілітаваны


RealAudioMP3 У сувязі з 500-годдзем Рэфармацыі, якое будзе адзначацца ў 2017 г., каталіцкія біскупы Германіі бачаць добрыя магчымасці для новай ацэнкі асобы Марціна Лютэра сумесна з Лютэранскай Царквой. "Мы павінны рухацца наперад у напрамку агульнага падыходу да асобы Лютэра і яго рэлігійных рэформ", - сказаў адказны за экуменічны дыялог у нямецкім епіскапаце, біскуп Герхард Людвіг Мюлер. З каталіцкага пункту гледжання значна тое, што Лютэр моцна падкрэсліў важнасць Бібліі ў жыцці і навучанні Касцёла і паказаў на неабходнасць пастаяннага абнаўлення Касцёла. Аднак рэабілітацыю Лютэра з боку Каталіцкага Касцёла, біскуп Мюлер лічыць немагчымай.

Існуюць значныя супярэчнасці паміж навучаннем Лютэра і дактрынай Каталіцкага Касцёла, заявіў біскуп Рэгенсбурга. Ён падкрэсліў, што Касцёл жадае распачаць новыя даследаванні адносна асобы Лютэра. Таму ў 2014 г. адбудзецца адмысловы навуковы сімпозіўм у Эрфурце. Іерарх сказаў, што "500 гадоў расколу не павінны стаць прычынай для трыўмфу, або ўзаемных абвінавачванняў". У цэнтры святкавання юбілею Рэфармацыі павінна быць "агульнае сведчанне Хрыста" важнае для абодвух супольнасцяў.







All the contents on this site are copyrighted ©.