2011-03-16 12:02:18

Арцыбіскуп Кандрусевіч: небяспека новай глабальнай ядзернай катастрофы


RealAudioMP3 16 скавіка Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў свой зварот у сувязі з падзеямі ў Японіі. Іерарх лічыць, што менавіта “Беларусь, якая 25 гадоў таму пазнала горыч чарнобыльскай катастрофы, вельмі добра разумее сітуацыю, у якой аказалася Японія пасля жахлівага землятрусу і цунамі, што рушыў за ім, а таксама выкліканых гэтымі катаклізмамі праблем на атамных электрастанцыях. Беларусь спачувае японскаму народу, які вельмі мужна, са спакоем і разважлівасцю змагаецца са стыхіяй”.

Мітрапаліт з занепакоенасцю падкрэслівае, што новыя землятрусы, выбухі і пажары на атамных электрастанцыях, якім спадарожнічае уцечка радыяцыі, змушаюць гаварыць пра небяспеку новай глабальнай ядзернай катастрофы.

“Сітуацыя, у якой аказалася ядзерная энергетыка Японіі, паводле іерарха, нагадвае пра тое, што чалавек, нягледзячы на ўражваючыя дасягненні ў навуцы і тэхніцы, не заўсёды можа кіраваць тым, што сам стварыў. Твор яго розуму выходзіць з пад кантролю таго ж розуму, што яшчэ раз нагадвае пра вечную ісціну: толькі Бог з’яўляецца ўладаром свету”.

Звяртаючы ўвагу на маштабы небяспекі, што пагражае свету, і кіруючыся ідэяй міласэрнасці і салідарнасці з японскім народам, Мітрапаліт заклікае да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў гэтага катаклізму.

Іерарх заканчвае свой зварот малітвай: “Міласцівы Божа, уціхамір стыхію, прымі ў сваё Валадарства загінуўшых, адары ласкаю здароўя пацярпелых ад катаклізму і яго наступстваў, ратуй свет ад новага Чарнобыля, дай новую надзею краіне ўзыходзячага сонца”.







All the contents on this site are copyrighted ©.