2011-03-14 14:56:39

У турэцкай частцы Кіпра затрымалі групу дэпутатаў Еўрапарламента


RealAudioMP3 У турэцкай частцы Кіпра была затрымана група дэпутатаў Еўрапарламента, якая па запрашэнні Кіпрскай Праваслаўнай Царквы 12 сакавіка праводзіла там інспекцыю стану і захаванасці праваслаўных храмаў.

Па дадзеных мясцовых СМІ, падставай для затрымання стала спроба дэпутата ад Польшчы Яраслава Валенсы адчыніць дзверы разбуранай царквы Агія Зоні недалёка ад Фамагусты. У выніку турэцкая паліцыя затрымала дэлегацыю і суправаджаючых асобаў, падзяліла затрыманых на мужчын і жанчын і забрала ва ўсіх пашпарты. Праз некалькі гадзін дэпутаты Еўрапарламента і святары былі адпушчаны, але яны адмовіліся пакінуць участак да той пары, пакуль не будуць вызваленыя іх спадарожнікі. Да вечара суботы былі адпушчаныя ўсе ўдзельнікі інспекцыі.

Аб затрыманні былі апавешчаныя: старшыня Еўрапарламента, ААН, прэзідэнт Кіпра і Арцыбіскуп Кіпрскі Хрызастом.

Кіпрскі урад асудзіў затрыманне еўрапейскай дэлегацыі. “Гэта незаконнае дзеянне, якое паказвае, што значыць акупацыя, кідае цень і нішчыць усе спробы знайсці рашэнне кіпрскай праблемы”, - заявіў прадстаўнік урада.







All the contents on this site are copyrighted ©.