2011-03-14 11:55:05

Галоўны герой ватыканскіх рэкалекцый – Ян Павел II


RealAudioMP3 У Ватыкане распачаліся Велікапосныя рэкалекцыі, у якіх прымае ўдзел папа Бэнэдыкт XVI. Запрошаны ў гэтым годзе весці духоўныя практыкаванні для Папы і яго супрацоўнікаў з Рымскай курыі айцец Франсуа-Мары Летэль, выкладчык Папскага тэалагічнага факультэта “Teresianum” і сакратар Папскай тэалагічнай акадэміі, тэмай сваіх разважанняў абраў: "Святло Хрыстова ў сэрцы Касцёла – Ян Павел II і тэалогія святых". У сувязі з рэкалекцыямі з 13 па 19 сакавіка не будзе папскі аўдыенцый, у тым ліку агульнай аўдыенцыі ў сераду, 16 сакавіка.

Сёлетнія рэкалекцыі, звязаны з маючай адбыцца беатыфікацыяй Яна Паўла ІІ 1 мая гэтага года, і не маюць прэцэдэнту ў гісторыі Касцёла. Аб гэтым кажа інаўгурацыйнае разважанне, якое французскі кармэліт прамовіў у нядзелю вечарам, на тэму "Беатыфікацыя Яна Паўла II у святле Уваскрослага Хрыста, Святла свету, асвятляючага наш шлях да святасці".

Шаснаццаць іншых разважанняў будуць датычыць постаці папы Яна Паўла II, яго набажэнства да Божай Міласэрнасці, марыйнай пабожнасці, дакументаў, а таксама святых і благаслаўлёных, якіх ён абвясціў падчас свайго доўгага пантыфікату.

Ватыканскія рэкалекцыі пачаліся ў нядзелю ў 18.00 у капліцы "Redemptoris Mater" Апостальскага Палацу малітвай нешпараў.

У будныя дні духоўныя практыкаванні будуць пачынацца ютранню з медытацыяй ў 9.00 гадзін. У 10.15 прадугледжана паўднёвая літургія гадзін і другое разважанне. Трэцяе разважанне будзе распачынацца ў 17.00, пасля яго ўдзельнікі памоляцца нешпарамі, пасля якіх адбудзецца эўхарыстычная адарацыя.

Рэкалекцыі завершацца ў суботу 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, апекуна паўсюднага Касцёла, у дзень імянін Ёзэфа Ратцынгера.








All the contents on this site are copyrighted ©.