2011-03-13 13:50:03

Бэнэдыкт XVI: грэх не з'яўляецца тым жа, што "пачуццё віны"


RealAudioMP3 13 сакавіка на Плошчы св. Пятра папа Бэнэдыкт XVI традыцыйна сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. У сваіх разважаннях Пантыфік падкрэсліў, што Вялікі пост – гэта час напружанай барацьбы супраць зла і граху. Папа заклікаў вернікаў перайсці на бок Хрыста ў барацьбе супраць граху.

"Дарагія браты і сёстры!

Сёння – першая нядзеля Вялікага посту – саракадзённага літургічнага часу, які ў Касцёле, з'яўляецца духоўным падарожжам, якое рыхтуе да Вялікадня. Падчас яго важным з'яўляецца наследаванне Хрыста, які рашуча кіруецца ў бок Крыжа, што з'яўляецца кульмінацыяй яго місіі збаўлення. Калі мы зададзём сабе пытанне: чаму Вялікі пост? Чаму крыж?, то радыкальны адказ такі: таму што ёсць зло, больш таго - грэх, які, паводле Святога Пісання, з'яўляецца глыбокай прычынай усялякага зла. Але гэта сцвярджэнне не зусім усведамляецца, і многія не прымаюць самаго слова "грэх", таму што яно прадугледжвае рэлігійнае бачанне свету і чалавека. На самой справе, гэта праўда, што, калі Бог выдаляецца з гарызонту свету, ужо не можна гаварыць пра грэх. Калі засланіць сонца, знікаюць цені, цень з'яўляецца толькі тады, калі ёсць сонца; таксама, калі засланіць Бога, гэта непазбежна пацягне за сабой утойванне граху. Такім чынам, сэнс граху які не з'яўляецца тым жа, што "пачуццё віны", як бы не хацела гэтага псіхалогія – становіцца зразумелым, калі нанава адкрыць пачуццё Бога. Гэта выражае псальм "Miserere", аўтарства якога прыпісваецца каралю Давіду, у сувязі з яго падвойным грахом чужалоства і забойства: "Супраць цябе аднаго я зграшыў" (Пс 50 (51), 6) - кажа Давід, звяртаючыся да Бога.

Ва ўмовах маральнага зла, Бог займае паставу таго, хто выступае супраць граху і ратуе грэшніка. Бог не церпіць зла, таму што з'яўляецца Любоўю, Справядлівасцю і Вернасцю; і менавіта таму не жадае смерці грэшніка, але хоча, каб ён навярнуўся і жыў. Каб выратаваць чалавецтва, Бог не застаецца ў старане: мы назіраем гэта праз усю гісторыю яўрэйскага народа, пачынаючы з вызвалення з Егіпта. Бог рашуча вызваляе сваіх дзяцей ад рабства, каб вывесці іх на волю. Самым цяжкім і глыбокім рабствам з'яўляецца рабства граху. Вось чаму Бог паслаў Сына Свайго ў свет: каб вызваліць людзей ад улады сатаны - "крыніцы і прычыны ўсялякага граху". Ён паслаў Яго ў нашым смяротным целе, каб Ён стаў ахвярай адкуплення, паміраючы на ​​крыжы за нас. Гэтаму плану канчатковага і ўсеагульнага збаўлення, д'ябал супрацьстаіць з усіх сіл, як паказвае гэта Евангелле аб спакушэнні Езуса ў пустыні, якое чытаецца кожны год у Першую нядзелю Вялікага посту. Уваход у гэты літургічны перыяд азначае, што кожны раз трэба зрабіць выбар на карысць Хрыста супраць граху, гатоўнасць - і як асобы, і як Касцёлада духоўнай бітвы з духам зла (Папяльцовая серада, Калекта).

Таму будзем прасіць мацярынскай дапамогі Найсвяцейшай Панны Марыі на нядаўна пачатым духоўным падарожжы, каб яно прынесла шчодрыя плёны навяртання. Аб спецыяльную малітоўную памяць прашу для мяне і маіх супрауоўнікаў з Рымскай курыі, бо сёння вечарам распачнём тыднёвыя рэкалекцыі".

Пасля благаслаўлення і малітвы “Анёл Панскі”, Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве за ахвяраў трагічнага землятрусу і цунамі ў Японіі. Бэнэдыкт XVI сказаў аб тым, што "велізарнае ўражанне зрабілі на ім вобразы трагічнага землятрусу і цунамі ў Японіі. Я хацеў бы яшчэ раз - сказаў Папа - выказаць маю духоўную блізкасці дарагім жыхарам гэтай краіны, якія з гонарам і смела супрацьстаяць наступствам гэтых стыхійных бедстваў. Я малюся за ахвяраў і іх сем'і, і ўсіх тых, хто пакутуе ад гэтых страшных падзей. Я хацеў бы падтрымаць асоб, якія з беспрэцэдэнтнай гатоўнасцю прымаюць удзел у дапамозе. Давайце аб'ядноўвацца ў малітве. Пан побач з намі!" - сказаў Бэнэдыкт XVI, развітваючыся з вернікамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.