Далай-лама адмовіўся ад статусу палітычнага лідэра Тыбета
Духоўны лідэр тыбетцаў
Далай-лама прыняў рашэнне адмовіцца ад свайго палітычнага статусу і перадаць паўнамоцтвы
старэйшаму міністру ўрада ў выгнанні, паведамляе “The Los Angeles Times”. Па звестках
іншага выдання, “The Guardian”, для гэтага ён папрасіў ўнесці адпаведныя змены ў "Хартыю
тыбетцаў у выгнанні", якая выконвае функцыю канстытуцыі.
Сваю заяву Далай-лама
зрабіў 10 сакавіка у індыйскім горадзе Дхарамсала, дзе месціцца тыбецкі ўрад у выгнанні.
У сваёй прамове лідэр тыбетцаў даў зразумець, што званне духоўнага лідэра ён захавае.
"Мой намер перадаць уладу не мае нічога агульнага з жаданнем пазбегнуць адказнасці",
- заявіў ён.
Як піша “The Guardian”, выступленне Далай-ламы было прымеркавана
да гадавіны паўстання, якое адбылося ў Тыбеце ў 1959 годзе. Пасля яго тыбецкі лідэр
быў вымушаны пакінуць краіну і адправіцца ў выгнанне. Акрамя таго, заява прагучала
напярэдадні выбараў новага старэйшага міністра ўрада ў выгнанні, якія павінны адбыцца
на наступным тыдні.