2011-03-10 15:26:39

Бэнэдыкт XVI да рымскіх пробашчаў: сучасны свет жадае ведаць усё аб Божай волі


RealAudioMP3 10 сакавіка, у Ватыкане адбылася сустрэча Святога Айца з пробашчамі рымскіх парафій. Падчас яе Пантыфік прамовіў да святароў разважанне “lectio divina” над тэкстам з Дзеяў Апосталаў, у якім св. Павел звяртаецца да святароў з Эфесу.

Пантыфік звярнуў увагу на абавязак святароў служыць з пакорай Богу і людзям: “Служыць азначае не дзейнічаць згодна са сваімі жаданнямі, прыярытэтамі, але стаць сапраўдным слугой іншых. Гэта значыць, што часта мы павінны рабіць тое, што не адпавядае нашаму ўласнаму выбару”. “Не шукаць славы, не думаць аб тым, што пра нас напішуць у часопісах, але што аб нас скажа Бог. У гэтым сапраўдная пакора: не шукаць славы ў людзей, але працаваць пад позіркам Бога. Такім чынам ажыццяўляецца сапраўднае служэнне чалавецтву”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец падкрэсліў, што яшчэ адным абавязкам святара з’яўляецца прапаведваць Божую волю: “нават волю вельмі нязручную, нават тую, якая не вельмі падабаецца асабіста”. “На гэтым палягае наша місія, - сказаў Папа, - абвяшчаць усю Божую волю, ва усёй яе паўнаце і прастаце”. “Я думаю, што сучасны свет вельмі жадае ведаць усё. Менавіта таму ён жадае ведаць усё аб Божай волі – што можа быць цікавей? Што можа быць больш важным і сутнасным для нас, чым ведаць чаго хоча Бог?”, - дадаў Пантыфік.

Разважаючы над неабходнасцю навяртання, аб якім пісаў апостал Павел, Святы Айцец, адзначыў, што яго сутнасць палягае на змене спосабу мыслення, змене свайго погляду на рэальнасць. “Паколькі мы нарадзіліся з грахом, для нас рэальнасць заключаецца ў рэчах, да якіх можна дакрануцца. (...) Але сапраўдная рэальнасць – гэта Бог. Трэба зразумець гэта і такім чынам мы зможам змяніць нашыя думкі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI звяртаючыся да пробашчаў рымскіх парафій.







All the contents on this site are copyrighted ©.