2011-03-09 14:04:40

Прэм'ер-міністр Егіпта ўпершыню сустрэўся з хрысціянамі-коптамі


RealAudioMP3 Новы прэм'ер-міністр Егіпта Эссам Шараф сустрэўся з групай хрысціянаў-коптаў, якія выступілі з пратэстам у сувязі з тым, што 6 сакавіка была падпалена копцкая царква ў прадмесці Каіра. Інцыдэнт выклікаў новыя сутычкі паміж мусульманамі і хрысціянамі ў Каіры, якія мелі месца 8 сакавіка.

Сведкі сцвярджаюць, што Копцкая царква ў Хелване была падпалена пасля таго, як паўстаў канфлікт паміж мужчынам-хрысціянінам і жанчынай-мусульманкай. Мусульмане захапілі ўчастак са спаленым хрысціянскім храмам і змясцілі на будынку царквы знак, што яна зараз з'яўляецца мячэццю.

Прэм'ер-міністр Шараф сказаў членам копцкай абшчыны, што абмяркуе з ваенным саветам пытанне захопу зямлі мусульманамі і аднаўленні на гэтым месцы копцкай царквы. Аднак да гэтага часу ніякіх мер у абарону коптаў не было прадпрынята.

Між тым, напружанасць у адносінах паміж егіпецкімі мусульманамі і хрысціянамі ўзрастае. Паводле апошніх дадзеных, у выніку сутыкненняў, якія прайшлі 8 сакавіка ў Каіры, загінулі 10 чалавек і больш за 100 атрымалі раненні.







All the contents on this site are copyrighted ©.