2011-03-09 17:51:57

Бэнэдыкт XVI узначаліў пакутную працэсію


RealAudioMP3 9 сакавіка, у Папяльцовую сераду, у Рыме адбылася малітва ў форме рымскіх “Стацый”, якую ўзначаліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Набажэнства распачалося малітвай у рымскім касцёле св. Анзэльма на Авенцінскім пагорку, ад якога вырушыла пакутная працэсія да базылікі св. Сабіны.

У працэсіі прынялі ўдзел кардыналы, арцыбіскупы, біскупы, бэнэдыктынцы з рымскай правінцыі св. Анзэльма, а таксама дамінікане з рымскай правінцыі св. Сабіны, а таксама вернікі.

На заканчэнне працэсіі, у базыліцы св. Сабіны адбылася св. Імша з абрадам пасыпання галавы попелам. Падчас яе Святы Айцец скіраваў да прысцтных сваю гамілію. Папа засяродзіўся на трох складаючых Вялікага посту: міласціне, малітве і посце. Пантыфік нагадаў, што Езус падкрэсліваў у гэтых трох справах міласэрнасці агульную спакусу. “Калі вы робіце нешта добрае, амаль інстыктыўна прыходзіць жаданне атрымаць павагу і захапленне ў замен за гэтыя справы, каб мець задавальненне” - сказаў Бэнэдыкт XVI. Такі падыход цалкам накіраваны на тое, што іншыя думаюць пра нас, і што іншых захапляе ў нас.

“Пан Езус не патрабуе фармальнага выканання закона, (...) - адзначыў Пантыфік - але прапануе нанава адкрыць для сябе гэтыя тры справы пабожнасці больш глыбока”. “Міласціна, пост і малітва: гэта шлях чароўнай педагогікі, якая суправаджае нас не толькі падчас Вялікага посту, на шляху сустрэчы з уваскрослым Панам; на шляху без хвальбы, а ўсведамлення таго, што Нябесны Айцец чытае і бачыць у таямніцы нашага сэрца” - сказаў Папа.

“Сорак дзён аддзяляюць нас ад Вялікадня; гэты "моцны" час літургічнага года, час спрыяльны, калі нам належыць працаваць з большай руплівасцю для нашага навяртання, дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага Слова, малітве і пакаянню” - сказаў Святы Айцец у базыліцы св. Сабіны на распачацце Вялікага посту.







All the contents on this site are copyrighted ©.