2011-03-09 14:33:14

Бэнэдыкт XVI: ключавое слова падчас Вялікага посту – “сёння”


RealAudioMP3 “Благаслаўлёны попел, якім мы сёння пасыпалі галовы нагадвае, што мы з’яўляемся стварэннямі. Ён заклікае нас да навяртання, каб больш наследаваць нашага Пана”, такімі словамі Бэнэдыкт XVI пачаў сённяшнюю катэхезу прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі. Яна была прысвечана сёння Вялікаму посту.

“Падчас Вялікага посту, мы ідзем разам з Езусам, які уваходзіць у Ерузалем - месца спаўнення таямніцы Яго пакуты, смерці і ўваскрасення. Вялікі пост нагадвае нам, што хрысціянскае жыццё, гэта шлях, які трэба прайсці. Шлях які заключаецца ў асобе Езуса Хрыста, якога трэба сустрэць, прыняць і наследваць”, - сказаў папа.

“Перш за усё праз літургію, праз удзел у святых таямніцах, мы становімся здольнымі прайсці гэты шлях з Панам. Літургія дазваляе нам увайсці ў Яго школу, перажыць падзеі, якія вядуць нас да збаўлення. У літургічных дзеях, Хрыстус аб’яўляецца праз Святога Духа, і таму яны становяцца збаўчымі і актуальнымі. Ёсць ключавое слова, якое паўтараецца ў літургіі для таго, каб акрэсліць гэта: слова “сёння”. Сёння Бог паказаў свой закон і сёння мы павінны выбраць паміж дабром і злом, паміж жыццём і смерцю; сёння “Божае Валадарства блізка. Навяртайцеся і верце ў Евангелле; сёння Хрыстус памёр на Кальварыі і уваскрос з памерлых; узнёсся на Неба і сядзіць праваруч Айца; сёння даў нам Святога Духа; сёння адпаведны час. Удзельнічаць у літургіі азначае паглыбіць сваё жыццё ў таямніцу Хрыста, у Яго сталую прысутнасць, прайсці шлях, праз які мы ўвойдзем у Яго смерць і ўваскрасенне каб мець жыццё”.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што падчас літургічнага году, Касцёл запрашае нас перажыць час падобны таму, які перажываюць катэхумены, якія рыхтуюцца да прыняцця Сакрамэнту Хросту. “Літургічныя тэксты, якія мы будзем чуць у нядзелі гэтага посту пераклікаюцца са старажытнай традыцыяй, якая суправаджала катэхуменаў перад атрыманнем сакрамэнту Хросту. Гэта цудоўная хросная катэхеза скіраваная да кожнага з нас”, - падкрэсліў Папа.

Бэнэдыкт XVI распавёў, аб тым, што першая нядзеля, называная нядзеляй спаскушэння і прысвечаная разважанню над спакушэннем Езуса ў пустыні, запрашае нас аднавіць нашыя рашэнні і ўступіць у барацьбу, каб застацца вернымі.

Другая нядзеля называецца нядзеляй Абрагама ці Перамянення. “Як Абрагам, айцец вернікаў, мы павінны пакінуць нашу зямлю, пакінуць бяспеку, якой сябе акружылі, каб паказаць свой давер да Бога”, - сказаў Папа.

“У наступныя нядзелі, Хрост будзе прадстаўлены праз вобразы вады, святла і жыцця. Падчас трэццяй нядзелі мы сусрэнем Самарытаніна. Так як яўрэйскі народ падчас выйсця з зямлі егіпецкай, мы падчас Хросту атрымаем ваду жыцця - Езуса, які ўталяе любую смагу.

У чацьвёртую нядзелю мы будзем разважаць над “сляпым ад нараджэння”. Падчас Хросту мы вызваляемся ад цемры зла і атрымліваем святло Хрыста, для таго, каб жыць як дзеці святла. Таксама і мы павінны навучыцца бачыць прысутнасць Бога ў абліччы Хрыста і тады мы ўбачым святло.

Нарэшце ў пятую нядзелю, мы будзем разважаць над уваскрашэннем Лазара. Падчас Хросту, мы пераходзім са смерці да жыцця і становімся здольнымі падабацца Богу, у нас памірае стары чалавек для таго, каб жыць у Духу Уваскрасення”, - сказаў Папа.

Акрамя таго, Пантыфік звярнуў увагу на тое , што згодна з касцёльнай традыцыяй, Вялікі пост характарызуецца асаблівымі практыкамі: устрыманнем, ахвярай і малітвай.

“Устрыманне, з’яўляецца знешнім бокам унутранай рэальнасці чалавека, ягонага жадання з дапамогай Бога аддаліцца ад зла і жыць Евангеллем. У хрысціянскай традыцыі ўстрыманне цесна звязана з ахвярай. Святы Грыгорый Вялікі пісаў, што ахвяра становіцца святой дзякуючы тым цнотам, якія яе суправаджаюць, перш за ўсё дзякуючы любові, кожнаму шчыраму жэсту, які даруе бедным і патрабуючым плён нашага ўстрымання”, - сказаў Святы Айцец.

“Нарэшце пост, гэта асаблівы час для малітвы. Св. Аўгустын казаў, што устрыманне і ахвяра з’яўляюцца “двума крыламі малітвы”, якія даюць ёй імпульс, каб дасягнуць Бога. Ён сцвярджаў, што такім чынам наша малітва, здзейсненая з пакорай і любоўю, з устрыманнем і ахвярай, з прабачэннем і абдараваннем добрым, з аддаленнем ад зла і праз учынкі дабра, а таксама пошукам супакою, сапраўды здзяйсняецца”.

У наша вялікапостнае падарожжа, варта прыняць запрашэнне Хрыста наследваць Яго, больш рашуча, аднаўляючы ласкі атраманыя падчас сакрамэнту Хросту, для таго, каб пакінуць старога чалавека і пераапрануцца ў Хрыста. Тады мы зможам казаць словамі св. Паўла: “ужо не я жыву, але Хрыстус жыве ў ва мне”, - сказаў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне катэхезы, прамоўленай падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.