2011-03-08 13:21:12

У Італіі каля 2,5 мільёны жанчын эмігрантак


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Джанкарла Пэрэго, генеральны дырэктар італьянскага Фонду “Migrantes”, у Міжнародны жаночы дзень звярнуў увагу на становішча жанчын, якія прыбылі ў Італію з іншых краін свету. “У Італіі каля 2,5 млн. жанчын эмігрантак. Сярод іх нованароджаныя і дарослыя, маці, маладыя прадпрымальніцы і студэнткі. Яны паходзяць з каля 200 краін свету. Італія сёння жыве імі і з імі: на фабрыках і ў дамах, на прадпрыемствах і ў шпіталях. Мы сустракаем іх у вялікіх гарадах і маленькіх мястэчках”, - сказаў іерарх.

“8 сакавіка мы ўзгадваем жанчын эмігрантак, асабліва тых, хто вымушаны знаходзіцца далёка ад сваіх дзяцей, хто стаў ахвярай гвалту. Іх твары вельмі часта адлюстроўваюць пакуты, якія яны перанеслі ў жыцці, боль, нежаданую аддаленасць. Мы хочам дапамагчы ім адчуваць сябе асобай, аднавіць іх годнасць, дапамагчы ім не пераставаць марыць”, - сказаў арцыбіскуп Пэрэго.

“Сёння я асабліва злучаюся ў думках з жанчынамі Паўночнай Афрыкі. Многія з іх згубілі сваіх сыноў, многія самі трымаюць у руках зброю і знаходзяцца далёка ад дома. Няхай 8 сакавіка прынясе ім надзею на супакой і на хуткае ўсталяванне дэмакратыі”, - пажадаў генеральны дырэктар італьянскага Фонду “Migrantes”, арцыбіскуп Джанкарла Пэрэго.







All the contents on this site are copyrighted ©.