2011-03-07 15:19:58

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Падарожжа па гісторыі ўласных падзенняў і паўстанняў


RealAudioMP3 У нашых радыёспатканнях мы працягваем пошукі таго, што складае сапраўдную хрысціянскую тоеснасць. На ўзрастанне веры кожнага з нас не перастаюць уплываць розныя знешнія і ўнутраныя фактары. Знешнімі часта называецца ўсё, што чалавечае і зямное. Унутранымі – перадусім свет адносінаў з Богам. Але існуе яшчэ адзін духоўны фактар, які сурёзна ўплывае на нашую веру і жыццё. Гэта спакусы злога духа і нашыя рэакцыі на іх.

Ужо на першых старонках Святога Пісання раскрываецца праўда аб т.зв. “misterium inquitatis” - таямніцы зла, якая праследуе чалавека ад пачаткаў яго гісторыі. Кожная асоба, усведамляе яна ці не, спазнае ў сваім жыцці дзеянне сатаны. У залежнасці ад таго, наколькі нехта адкрываецца на дзеянне Божага Духа, а наколькі – на злога, можна гаварыць аб гісторыі спакушэнняў і перамог. Вобразна гэта можна назваць дзвюмя часткамі кнігі жыцця. Адна частка – гэта гісторыя падзенняў. Другая – гэта гісторыя паўставанняў. Памеры гэтых частак кнігі жыцця наўпрост залежаць ад таго, каго чалавек больш слухае: Бога ці спакусніка. Ёсць таксама асобы, якія намагаюцца вар’іраваць паміж адным і другім, лічачы на сваю пашкоджаную грахом кандыцыю. Але калі не выбраны шлях і арыенціры, то жыццё можа ператварыцца ў кашмар духоўных раздарожжаў.

У сённяшняй перадачы хацеў бы заахвоціць вас вырушыць разам з Езусам у падарожжа па гісторыі сваіх уласных падзенняў і паўстанняў. Гэтае падарожжа можа раскрыць бясцэнны скарб духоўнага жыццёвага досведу. Гэта шлях для тых, хто разам з Езусам-Адкупіцелем імкнецца ператварыць сваё асабістае жыццё ў гісторыю Збаўлення. Гэты шлях можа стаць святлом для тых, хто сапраўды шукае праўды аб сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці.

Спачатку звернемся да таго, што мы назвалі “гісторыяй падзенняў”. Гэта тая сфера нашай мінуўшчыны, якая раскрывае стратэгію дзеяння злога духа. Гэты план спакушэння мае свае асаблівасці ў гісторыі кожнага чалавека. Але Біблія і духоўны вопыт Касцёла сведчаць аб пэўных агульных пунктах стратэгіі спакусы.

Па-першае, сатана імкнецца пераканаць чалавека, што грэх – гэта нічога пагрозлівага. “Нічога страшнага не станецца, калі саграшыш”. Гэта той першы крок у пастку злога, калі чалавек ідзе на кампраміс са злом, шукаючы дабра па-за Богам. Перакананне, што можа існаваць нешта добрае і не-Божае – гэта вялікая спакуса сучаснага чалавека. Здаецца, свет засеяны альтэрнатыўнымі Божай і хрысціянскай - праўдамі, дабротамі і каштоўнасцямі. “Усё добра, зла няма!” Ці ж не пад такім лозунгам хрысціянам жадаюць навязаць каштоўнасці, якія разбураюць асновы іх ідэнтычнасці. А тых, хто засумняваўся, імкнуцца купіць спачатку таннымі аргументамі: “гэта ж прыемна”. Тады можа ўключыцца найпрасцейшая схема памылковага мыслення: “прыемна - значыць добра, а калі добра - значыць ад Бога”. Многія хрысціяне пачалі губляць сваю тоеснасць, калі пайшлі за тым, што ім здавалася добрым і прыемным. Яны не пажадалі паслухаць голасу Бібліі і Касцёла, які не пераставаў іх перасцерагаць.

Другая вялікая пастка – гэта вера ў абяцанне: “пазней будзе добра”. Гэта такія сітуацыі , калі чалавек падазрае, што дзеецца нешта дрэннае. Тады спакуснік выцягвае наступны аргумент: “саграшы сёння, каб было добра заўтра”, “мэта апраўдвае сродкі”. Злых дух ведае, што чалавечая натура інстынктоўна працівіцца злу. Ён не можа даць рэальнае дабро, пагэтаму імкнецца спакусіць ілюзіяй дабра, малюючы міражы чалавечага раю.

Хрысціянскі рэалізм заклікае кожнага верніка да таго, каб не спыняцца на ўцёках ад спакусы і блакаванні дзеяння злога духа. Гэта негатыўны бок шляху. Існуе яшчэ пазітыўны бок. Ён мае два важныя элементы. Па-першае, гэта моцны і няспынны кантакт з Богам – крыніцай Жыцця, адзіным Пераможцам над грахом і сатаной. Па-другое, гэта ўменне раскрываць стратэгію злога духа. Але ўсё гэта павінна служыць пазнанню Божай справы Збаўлення, адкрываць перад хрысціянінам глыбіні праўдзівага аблічча яго зямнога жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.