2011-03-04 14:07:51

ЮНЕСКА: 28 мільёнаў дзяцей не маюць магчымасці вучыцца


RealAudioMP3 Каля 28 мільёнаў дзяцей у свеце не маюць магчымасці вучыцца ў школе з-за ваенных канфліктаў у сваіх краінах. Дадзеныя па гэтай тэме былі апублікаваныя ў дакладзе ЮНЕСКА. Канфлікты і гвалт з’яўляюцца прычынай таго, што дзеці, асабліва ў многіх бедных краінах, не могуць хадзіць у школу, заявіла генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава.

Каля 42% усіх дзяцей школьнага ўзросту, якія не наведваюць школу, жывуць у краінах з трываючымі ўзброенымі канфліктамі. Адсутнасць адукацыі азначае для маладых людзей пачуццё адчаю, які часта ператвараецца ў новыя канфлікты - гаворыцца ў дакладзе Арганізацыі ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Паводле дакладу дзеці ўсё часцей становяцца ахвярамі гвалту. Класы, выкладчыкі і студэнты часта становяцца лёгкай мішэнню для нападаў. Толькі ў Афганістане з 2009 года было зарэгістравана 613 нападаў на школы. У Пакістане паўстанцы здзейснілі шэраг нападаў на школы для дзяўчынак і паранілі па меншай меры 95 з іх. Таксама ў Йемене за апошнія два гады 220 школ былі разбураныя.

Асабліва часта ў канфліктных рэгіёнах, дзеці становяцца ахвярамі сэксуальнага гвалту. У многіх краінах ён па-ранейшаму шырока выкарыстоўваецца як сродак вядзення вайны. Многія дзяўчынкі не наведваюць школу, асцерагаючыся, што яны могуць стаць ахвярай згвалтавання.

ЮНЕСКА прагназуе, што да 2015 года не будзе рэалізаваны план, паводле якога адукацыя павінна стаць даступнай для ўсіх дзяцей у свеце. Далёка ад гэтай мэты знаходзяцца асабліва краіны, дзе трываюць канфлікты. Часта сродкі, якія былі прызначаныя на адукацыю, выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах.







All the contents on this site are copyrighted ©.