2011-03-04 11:45:14

У Беларусі распісацца будзе так жа проста, як і развесціся


RealAudioMP3 Праект новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і будзе разгледжаны на вясенняй сесіі парламента. Аб гэтым паведаміла 4 сакавіка на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Ніна Федарук, перадае “БЕЛТА”.

Больш як 100 артыкулаў будзе дапоўнена або выкладзена ў новай рэдакцыі, удакладніла Ніна Федарук. Адно з плануемых новаўвядзенняў - заключэнне шлюбу праз тры дні пасля падачы заявы ў ЗАГС. Прапануецца таксама ўнясенне карэкціровак у шлюбны дагавор.

Хоць спадарыня Федарук лічыць, што “гэты праект закранае вельмі важныя меры аховы шлюбу і дзяцей”, а таму “патрабуе асаблівай уважлівасці пры разглядзе плануемых змяненняў і навацый”, мала верагодна, што да разгляду гэтага дакумента будуць прыцягнуты рэлігійныя супольнасці ў Беларусі, якім ёсць што сказаць і чым падзяліцца па дадзенай тэме. Так, як гэта не было зроблена на стадыі распрацоўкі праекту новага кодэкса.

У той жа час, міжнародная статыстыка бязлітасная: па дадзеных ЮНЕСКА, Беларусь адна з самых "несямейных" краін. У рэйтынгу дзяржаў з самай вялікай колькасцю разводаў мы саступаем толькі Мальдыўскім астравам, Расіі, Гуаму.

Ці жарт: на 1 тысячу насельніцтва Беларусі, уключаючы немаўлятаў і старых, прыходзіцца 467 разводаў у год. Юрысты схільныя лічыць, што віной усяму асаблівасці нацыянальнага разводу. Калі ў каталіцкіх краінах, дзе Касцёл катэгарычна супраць разводу, а дзяржава на баку Касцёла і сям'і, шлюбаразводны працэс па выдатках роўны некалькім пажарам і можа доўжыцца 5-7 гадоў, то ў Беларусі ўсё выглядае інакш.

Голас рэлігійных арганізацый сур'ёзна не ўлічваецца, а новыя заканадаўчыя ініцыятывы ў настолькі складанай сітуацыі выглядаюць абсурдна. Не цяжка ўявіць, што “экспрэс” заключэнне сужэнства праз тры дні пасля падачы дакументаў, не дадасць адказнасці і сур'ёзнасці рашэнню будучых сужонкаў, і тым больш не зробіць сям'ю больш моцнай. Цяпер у Беларусі распісацца будзе так жа проста як і развесціся. Або наадварот?

кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.