2011-03-04 13:36:21

Прэзентацыя базавага дакумента ХІІІ Сінода Біскупаў


RealAudioMP3 4 сакавіка ў прэс-цэнтры Апостальскай Сталіцы адбылася прэзентацыя базавага дакумента для ХІІІ Сінода Біскупаў, які адбудзецца 7-28 кастрычніка 2012 г. Тэмай Сінода будзе: “Новая Евангелізацыя і перадача хрысціянскай веры”.

Падчас прэзентацыі дакумента, які мае назву “Lineamenta”, выступіў генеральны сакратар Сінода Біскупаў арцыбіскуп Нікола Этэравіч. У сваёй прамове іерарх сказаў, што рашэнне аб тэме сінода было прынята згодна з апытаннем прадстаўнікоў 13 Сінодаў Усходніх Цэркваў, 113 біскупскіх канферэнцый і 25 дэкастарый Рымскай курыі. Згодна з гэтым апытаннем, большасць біскупаў палічыла актуальным разгледзець падчас бліжэйшага сіноду праблему перадачы веры, працэсу, які ў выніку сацыяльных, культурных і рэлігійных трансфармацый нашага часу сустракаецца са шматлікімі цяжкасцямі.

Другой нагодай для выбару тэмы сіноду стала рашэнне Святога Айца аб стварэнні Папскай рады па новай евангелізацыі, адзначыў арцыбіскуп Этэравіч. Акрамя таго, іерарх падкрэсліў, што мэтай дакумента “Lineamenta”, з’яўляецца ініцыяцыя дыскусіі на тэму сіноду на ўніверсальным касцёльным узроўні. Менавіта таму дакумент быў выдадзены на 8 мовах: лацінскай, французскай, англійскай, італьянскай, польскай, іспанскай і нямецкай.

Арцыбіскуп Этэравіч распавёў аб структуры і змесце дакумента. Ён складаецца з трох частак: першая мае назву: “Час новай евангелізацыі”, другая: “Абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста”, а трэццяя: “Уводзіны ў хрысціянскі досвед”.

“Новая евангелізацыя павінна стаць новым вячэрнікам, месцам дзе, дзякуючы Божай ласцы, Касцёл знойдзе не новае Евангелле, а “адпаведны адказ на знакі нашага часу, на патрэбы людзей і народаў, на новыя сцэнарыі, паводле якіх ствараецца культура, праз якую мы знойдзем нашу ідэнтычнасць і сэнс нашага існавання”, - сказаў на заканчэнне сваёй прамовы падчас прэзентацыі базавага дакумента для ХІІІ Сінода Біскупаў, арцыбіскуп Этэравіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.