Дзяржсакратар ЗША занепакоена бяспекай хрысціянаў у краінах Афрыкі і Азіі
Дзяржсакратар ЗША
Хілары Клінтан занепакоена бяспекай прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў у краінах Афрыкі
і Азіі. Свае асцярогі з гэтай нагоды яна выказала ў ходзе праведзеных напярэдадні
слуханняў у амерыканскім Кангрэсе.
"Па-за усялякім сумневам, хрысціяне і іншыя
рэлігійныя меншасці жывуць пад ціскам у краінах ад Паўночнай Афрыкі да Паўднёвай Азіі,
яны не адчуваюць сябе ў бяспецы, а таму пакідаюць родныя месцы", - сказала кіраўнік
амерыканскай дыпламатыі. Яна выказала перакананне ў тым, што Злучаныя Штаты павінны
рабіць больш для забеспячэння правоў прадстаўнікоў розных рэлігій, якія падвяргаюцца
ўціскам.
Як паведамляе “ИТАР-ТАСС”, Клінтан выказала "глыбокія асцярогі з
нагоды таго, што адбылося з хрысціянамі ў Іраку і Егіпце", маючы на ўвазе тэракты
ў храмах у Багдадзе ў кастрычніку мінулага года і ў Александрыі 1 студзеня гэтага
году. У выніку двух выбухаў загінула амаль 100 асобаў.
Дзяржсакратар таксама
нагадала аб нядаўніх акцыях пратэсту ў Егіпце, дзе, па яе словах, на каірскай плошчы
“Тахрыр” хрысціяне-копты і мусульмане знаходзіліся разам. Яна выказала "надзею на
тое, што так будзе і надалей", і заклікала "зрабіць усё магчымае", каб пазбегнуць
"выгнання рэлігійных меншасцяў" з краін рэгіёну.