2011-03-01 14:37:04

Егіпет: пратэсты пасля забойства святара


RealAudioMP3 Больш за 3 тысячы коптаў выйшлі на акцыю пратэсту падчас пахавання копцкага святара Дауда Бутроса, забітага ў ноч на 22 лютага ў Ассіўце, у Верхнім Егіпце. Пахаванне святара ператварылася ў маніфестацыю пратэсту супраць несправядлівасці, якую адчуваюць у адносінах да сябе егіпецкія хрысціяне. Тысячы людзей прайшлі па вуліцах горада, патрабуючы неадкладна знайсці і аддаць пад суд вінаватых у забойстве.

Святар Дауд Бутрос служыў у праваслаўным копцкім прыходзе ў Ассіўце. Ісламісты вінавацілі святара ў празелітызме сярод мусульманаў, ён неаднаразова атрымліваў пагрозы. Цела святара з мноствам нажавых раненняў знайшла дачка, устрывожаная тым, што два дні не магла датэлефанавацца да бацькі. Мясцовая паліцыя сцвярджае, што гэта быў напад з мэтай рабавання - забойцы спустошылі сейф. Аднак хрысціяне прытрымліваюцца думкі, што забойства стала помстай з боку ісламістаў.

У Каіры таксама прайшлі акцыі пратэсту з-за забойства Дауда Бутроса. Некалькі дзён таму пасля пропаведзі копцкага патрыярха Шэнуды III побач з кафедральным саборам сабраліся сотні коптаў, каб заявіць пра свае правы і яшчэ раз нагадаць пра тэракт ў Александрыйскай царкве, які пазбавіў жыцця 24 асобы.








All the contents on this site are copyrighted ©.