2011-03-01 14:45:09

"Homo caritatis". Прынцып субсідыярнасці


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме мы пагаворым аб яшчэ адным фундаменце сацыяльнага навучання Касцёла – гэта прынцып субсідыярнасці. Назва гэтага тэрміна паходзіць ад лацінскага слова “subsidium”, што азначае падтрымліваць, развіваць. У грамадскай сферы гэты прынцып рэалізуецца, калі ўсе супольнасці вышэйшага парадку падтрымліваюць супольнасці ніжэйшыя і не ўмешваюцца без патрэбы ў іх справы. Такім чынам прамежкавыя сацыяльныя групы, могуць эфектыўна выконваць свае функцыі.

Прынцып субсідыярнасці прысутнічае ўжо ў першай сацыяльнай энцыкліцы “Rerum novarum” (“Новыя рэчы”). Але больш дакладна яго сфармуліраваў адзін з самых яскравых і адважных Пантыфікаў ХХ ст. папа Пій ХІ. У 1931 г. ён ў сваёй энцыкліцы “Quatragesimo anno” (“Саракавы год”) пісаў: “Як незаконна адбіраць у індывідуўмаў задачы, якія яны могуць выканаць уласнымі сіламі і дзякуючы ўласнай працавітасці, і перадаваць іх супольнасці, такжа несправядліва перадаваць больш вялікаму ці больш высока развітаму грамадству тое, што могуць зрабіць меншыя і ніжэйшыя супольнасці”. Гэты прынцып грунтуецца на разуменні таго, што ўмяшальніцтва большай супольнасці ў справы меншай, дапушчальна толькі ў тым выпадку, калі гэта сапраўды неабходна. Напрыклад, існуюць сітуацыі калі дзяржава павінна развіваць эканоміку, з-за няздольнасці прыватных ініцыятываў, або ў выпадках вялікага сацыяльнага дысбалансу, г.зн, глыбокага падзелу паміж багатымі і беднымі. Дапамога дзяржавы неабходна для ўсталявання справядлівасці, роўнасці, міру. Аднак, згодна з прынцыпам субсідыярнасці, гэта дапамога не павінна працягвацца даўжэй і пашырацца больш, чым патрабуе тэрміновая сітуацыя.

Калі дзяржава бярэ на сябе больш абавязкаў, гэта пачынае шкодзіць развіццю чалавечай асобы і грамадству, так як дзяржава пачынае паглынаць і разбураць іх. Справа ў тым, што кожны чалавек, кожная сям’я, могуць прапанаваць грамадству нешта сваё, вельмі каштоўнае і непаўторнае. Чалавек надзелены цудоўнымі здольнасцямі і талентамі, духам свабоды і ініцыятывы. Ён лепш бачыць тэрміновыя патрэбы бліжняга і супольнасці. Таму сам або аб’яднаўшыся з аднадумцамі можа вырашыць іх хутчэй і эфектыўней. У гэтым кантэксце задача дзяржавы палягае на тым, каб дапамагчы ўсім неабходным, падтрымаць развіццё прыватнай ініцыятывы. Можна сфармуліраваць прынцып субсідыярнасці простымі словамі “дапамагаць дзейнічаць”. Не цэнтралізаваць жыццё грамадства, не пашыраць бюракратычны апарат, не навязваць сваю дапамогу – ўсё гэта спрыяе развіццю бюракратычнай логікі, нежаданню служыць людзям. Але скіроўваць да дасягнення агульнага дабра, заахвочваць да ініцыятыўных дзеянняў, давяраць грамадзянам, ускладаць на іх адпаведную адказнасць. У такім стане і чалавек і грамадства дасягаюць свайго поўнага развіцця.

Натуральным наступствам субсідыярнасці з’яўляецца актыўны ўдзел грамадзян у розных сферах жыцця грамадства. Сам або аб’яднаўшыся з іншымі грамадзянін прыносіць уклад у яго культурную, эканамічную, сацыяльную ці палітычную сферы.

Можна паглядзець на прынцып субсідыярнасці і з іншага боку. Удзел ў жыцці грамадства – гэта не толькі адно з самых моцных імкненняў грамадзяніна, але і адна з апораў дэмакратычнага строю, адна з гарантый яго стабільнасці. Павага да прынцыпу субсідыярнасці сведчыць аб узроўні дэмакратыі ў краіне. Ён адлюстроўвае наколькі ўрад інфармуе, слухае і заахвочвае людзей прымаць ўдзел ў сваім жыцці.

Аднак трэба заўважыць, што прынцып субсідыярнасці патрабуе грамадства сталага, ініцыятыўнага і актыўнага. У краінах з таталітарнымі і дыктатарскімі рэжымамі права ўдзельнічаць ў грамадскім жыцці адмаўляецца, паколькі разглядаецца як пагроза самой дзяржаве. Клопат Касцёла выклікаюць таксама дзяржавы ў якіх гэты прынцып абвешчаны толькі фармальна, а на практыцы не рэалізуецца або краіны ў якіх бюракратычны апарат пазбаўляе чалавека права актыўна ўдзельнічаць у сацыяльным і палітычным жыцці.

Прынцып субсідыярнасці мае свае карані ў годнасці чалавека і ў імкненні да супольнага дабра, таму таксама з’яўляецца адным з фундаментаў сацыяльнага навучання Касцёла. Гэты прынцып таксама скіроўвае нас да адкрыцця сваіх дароў і здольнасцяў, да жыцця ў духу свабоды і ініцыятывы.

Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.