2011-02-28 13:39:26

Бэнэдыкт XVI: сучасныя сімвалы і метафары павінны дапамагчы ў абвяшчэнні Божага Валадарства


RealAudioMP3 28 лютага ў Рыме пачалося пленарнае пасяджэнне Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. У сувязі з гэтай падзеяй Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў рады з прамовай прысвечанай “мове камунікацыі”.

Пантыфік нагадаў, што ў сваім пасланні з нагоды Сусветнага дня масавай камунікацыі звярнуў увагу на тое, што новыя тэхналогіі не толькі змяняюць спосаб перадачы інфармацыі, але прыносяць таксама і культурныя перамены, г.зн. змяняюць спосаб мыслення, даюць новыя магчымасці для ўсталявання адносінаў і пабудовы супольнасці. У такім кантэксце важнай становіцца мова, якая ўжываецца для гэтых мэтаў.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што “новыя мовыя камунікацыі, якія развіваюцца сёння, вызначаюць больш інтуітыўныя і эмацыянальныя здольнасці чалавека, чым аналітычныя, скіроўваюць да іншай арганізацыі мыслення і адносінаў з рэальнасцю, аддаюць перавагу вобразам. Традыцыйная розніца паміж камунікацыяй пісьмовай і вуснай, знікае на карысць камунікацыі пісьмовай, якая становіцца формай і пасрэдніцай вуснай традыцыі. Калі асобы абменьваюцца інфармацыяй, яны, у той жа час, дзеляцца самімі сабой і сваім бачаннем свету: становяцца “сведкамі” таго, што надае сэнс іх існаванню. Канешне, гэта прыносіць пэўныя рызыкі: згубу сутнасці, павярхоўнасць адносінаў, уцёкі ў эмацыйнасць, дамінаванне поглядаў большасці над пошукам праўды”. Папа падкрэсліў, што такія рызыкі з’яўляюцца “наступствамі няздольнасці да поўнага і сапраўднага жыцця”.

Перад гэтымі выклікамі Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасць і тэрміновасць працы Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Яе задачай, паводле Пантыфіка, з’яўляецца “зрабіць больш глыбокай “лічбавую культуру” аналізуючы адносіны да веры, да жыцця Касцёла і да пераменаў, якія перажывае сучасны чалавек ”.

“Езус, у абвяшчэнні Божага Валадарства выкарыстоўваў элементы культуры і асяродзя свайго часу: статкі, палі, святкаванні, зерне і г.д. Сёння мы пакліканы да таго, каб адшукаць, нават у лічбавай культуры, сімвалы і метафары значныя для сучаснага чалавека. Яны павінны дапамагаць нам абвяшчаць Божае Валадарства сёння”, - адзначыў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што ў адносінах паміж чалавекам і тэхнікай, нельга забывацца, што тэхніка, “па свайму пакліканню”, павінна быць звязана з духам, г.зн. спрыяць духоўнаму развіццю чалавека. Менавіта “духоўныя каштоўнасці, дазваляюць развіваць сапраўды чалавечную камунікацыю. Яна з’яўляецца адказам на наша пакліканне быць вобразам і падабенствам Бога. Біблійная камунікацыя, згодна з Яго воляй, заўсёды звязана з дыялогам і адказнасцю, як сведчаць прыклады Абрагама, Майсея, Ёва і прарокаў, але ніколі не з лінгвістычнай спакусай, як ў выпадку са змеям, або з недаразуменнямі і гвалтам, як ў выпадку Каіна”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI у сваім звароце да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.