2011-02-27 12:35:42

Мітрапаліт Кандрусевіч: самая глыбокая радасць – свабода ад усяго, што аддзяляе ад Бога


RealAudioMP3 На рэчаіснасць хрысціянскага прымірэння звяртае ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сёлетнім пасланні на Вялікі пост. “Біблія выкарыстоўвае слова «прымірэнне», каб апісаць тое, што Бог зрабіў нам праз свайго Сына Езуса Хрыста. - піша іерарх - Бог прымірыў нас з сабой праз смерць свайго Сына і праз гэта цалкам змяніў нашыя адносіны з Ім: мы нанава сталі Яго дзецьмі. Прычым, і гэта трэба падкрэсліць асабліва, ініцыятыва належала Богу, а не чалавеку”.

Мітрапаліт звяртае ўвагу на тое, што паяднанне чалавека з Богам адбылося не дзякуючы кампрамісу, які шукае сучасны свет, ці дзякуючы славутай у наш час паліткарэктнасці, але праз ахвяру Сына Божага. “Прымірэнне з Богам магчыма толькі дзякуючы Езусу, дзякуючы Яго смерці і ўваскрасенню”.

“Дзе мы можам знайсці прабачэнне пасля хросту? - ставіць пытанне ў сваім пасланні Мітрапаліт Кандрусевіч. Хто можа знішчыць наш грэх і выцерці слёзы смутку? У сакрамэнце пакаяння мы сустракаем Хрыста, які гатовы і жадае аднавіць нас да новага жыцця. Божая ласка прыходзіць праз бачныя знакі – сакрамэнты. Адпушчэнне грахоў і аднаўленне ласкі хросту таксама звязана з бачным знакам, якім з’яўляецца споведзь” - падкрэслівае іерарх.

На заканчэнне паслання арцыбіскуп Кандрусевіч заклікае ўсіх памятаць аб тым, што самай глыбокай духоўнай радасцю чалавека павінна быць свабода ад усяго таго, што аддзяляе ад Бога, і “аднаўленне адносін з бясконца міласэрным нябесным Айцом, які прымае кожнага з любоўю, праяўленай да марнатраўнага сына. Духоўна адноўленыя і паяднаныя з Богам, Касцёлам і людзьмі ў сакрамэнце пакаяння, мы становімся «новым стварэннем»” - падкрэслівае іерарх у сваім пасланні на Вялікі пост.







All the contents on this site are copyrighted ©.