2011-02-27 13:31:19

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: ставіць на першае месца пошук Божага Валадарства


RealAudioMP3 27 лютага Бэнэдыкт XVI, як і ў кожную нядзелю, сустрэўся з вернікамі і пілігрымамі з усяго свету на Плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Пасля сваіх разважанняў, ён памаліўся з вернікамі “Анёл Панскі”, удзяліў ім сваё апостальскае благаслаўленне і прывітаў усіх на розных мовах.

"Дарагія браты і сёстры!

У сённяшняй літургіі зноў гучыць рэха самых кранальных слоў Святога Пісання. Яны паходзяць ад Святога Духа, які пяром так званага "другога Ісаі", супакойваючы Ерузалем, прыгнечаны шматлікімі няшчасцямі, кажа так: "Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе"(Іс 49,15). Гэты заклік верыць у трывалую Божую любоў, падобны на гэтак жа красамоўную старонку Евангелля Мацвея, у якім Езус заклікае сваіх вучняў верыць у Провід Нябеснага Айца, які корміць птушак нябесных і апранае палявыя лілеі і ведае ўсе нашы патрэбы (пар. 6, 24-34). Настаўнік кажа так: "Не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? – або: Што піць? – або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым".

У абліччы сітуацыі шматлікіх людзей, блізкіх і далёкіх, якія жывуць у беднасці, заява Езуса можа здацца нерэальнай, або нават уніклівай. На самой справе, Пан хоча сказаць ясна, што ніхто не можа служыць двум гаспадарам: Богу і багаццю. Той, хто верыць у Бога, Айца поўнага любові да сваіх дзяцей, ставіць на першае месца пошук Яго Валадарства, Яго волі. І гэта стаіць у абсалютнай супярэчнасці з фаталізмам або прымітыўным ірэнізмам. Вера ў Провід не вызваляе ад цяжкай барацьбы за годнае жыццё, але вызваляе ад хваляванняў пра рэчы і боязі заўтрашняга дня. Зразумела, што навучанне Езуса, хоць заўсёды застаецца праўдзівым і актуальным для ўсіх, практыкуецца па-рознаму ў залежнасці ад разнастайных пакліканняў: францішканін будзе ў стане ісці за ім больш радыкальна, а бацька сямейства будзе памятаць аб неабходнасці выконваць свае абавязацельствы адносна жонкі і дзяцей. У кожным асобным выпадку, хрысціянін адрозніваецца абсалютным даверам да Нябеснага Айца, як гэта рабіў Езус. Менавіта адносіны з Богам Айцом надаюць сэнс усяму жыццю Хрыста, Яго словам, Яго справам збаўлення, ажно па Яго муку, смерць і ўваскрасенне. Езус паказаў нам, што значыць жыць цвёрда ступаючы па зямлі, будучы адкрытым на канкрэтныя патрэбы бліжняга, і адначасова з сэрцам заўсёды звернутым да Неба, пагружаным ў Божую міласэрнасць.


Дарагія сябры, у святле Божага слова гэтай нядзелі, я заклікаю вас да запрашэння Панны Марыі, якой быў надзелены тытул Маці Божага Провіду. Даручым ёй нашае жыццё, шлях Касцёла, падзеі гісторыі. Будзем заклікаць яе заступніцтва, каб мы ўсе навучыліся жыць больш проста і больш сціпла, у штодзённай працы і павазе да справы стварэння, якую Бог даверыў нам захоўваць".

Пасля разважанняў, Святы Айцец удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне, а затым прывітаў пілігрымаў на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, польскай і славацкай мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.