Дэпутат аргентынскага парламента супраць абраза Панны Марыі ў Кангрэсе
Дэпутат парламента
Аргентыны Серхіа Арыэль Бастейро прапанаваў сваім калегам прыбраць з будынка Кангрэса
абраз Луханскай Панны Марыі, заступніцы Аргентыны, і надаць будынку вобраз “мультырэлігійнай
прасторы”.
У лісце, распаўсюджаным 23 лютага агенцтвам AICA, каталіцкія актывісты
падверглі крытыцы праект Арыэля Бастейро, які выступаючы за выдаленне абраза Маці
Божай, спасылаецца на тое, што “Аргентына сёння з'яўляецца свецкай дзяржавай”, а прысутнасць
Луханскай Мадонны нібыта “шкодная для тых, хто не з'яўляецца католікамі”.
Апаненты
Арыэля Бастейро лічаць, што дэпутат “блытае паняцці свецкай, неканфесійнай і агнастычнай
дзяржавы. Калі ў першым выпадку рэлігія аддзелена ад дзяржавы, не знаходзячыся пры
гэтым па-за законам, то ў другім - дзяржава спрабуе аб'явіць па-за законам любую публічную
праяву веры, як у выпадку з выявай Луханскай Маці Божай, якую жадаюць прыбраць з будынка
Кангрэса”.
У лісце сцвярджаецца, што прыняць прапанову дэпутата - значыць
пачаць “радыкальную дыскрымінацыю пераважнай большасці аргентынскага народа”, які
штодня звяртаецца з малітвамі аб заступніцтве да Багародзіцы, і ігнараваць Яе значэнне
і прысутнасць у гісторыі краіны.
Таксама ў лісце адзначаецца, што гэты праект
- адзін з “серыі аналагічных ініцыятываў, адзначаных у розных частках краіны, ...
якія пад выглядам “нейтральнасці дзяржавы”, патрабуюць выдаліць рэлігійныя сімвалы
з публічных месцаў”. Рэалізацыя падобных праектаў, лічаць хрысціянскія актывісты,
“канчаткова прымусіць грамадства забыцца сваю рэлігію, культуру і традыцыю - тое,
што складае аргентынскую нацыянальную ідэнтычнасць”.