2011-02-24 13:48:58

Бэнэдыкт XVI прыняў Прэзідэнта Лівана


RealAudioMP3 24 лютага, у Апостальскім Палацы, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі спадара Мішэля Сулеймана, Прэзідэнта Ліванскай Рэспублікі. Пасля сустрэчы з Пантыфікам кіраўнік дзяржавы сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, якога суправаджаў Сакратар па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскуп Дамінік Мамберці.

Падчас сардэчных перамоў было падкрэслена, што Ліван, у якім жывуць разнастайныя хрысціянскія і мусульманскія супольнасці, з’яўляецца прыкладам свабоды і паважлівага суіснавання, і не толькі для рэгіёну, але і для ўсяго свету. У сувязі з гэтым, спрыянне развіццю супрацоўніцтва і дыялогу паміж рэлігіямі становіцца ўсё больш неабходным.

Было падкрэслена значэнне супрацоўніцтва свецкіх і рэлігійных уладаў у выхаванні сумленнасці і мірнага суіснавання, і была выказана надзея, што фарміраванне новага ўрада ў Ліване паспрыяе жаданай стабільнасці ў краіне, а таксама дапаможа вырашыць сур'ёзныя ўнутраныя і міжнародныя праблемы.

Падчас сустрэчы ўвага была засяроджана на сітуацыі на Блізкім Усходзе, з асаблівым акцэнтам на апошнія падзеі ў шэрагу арабскіх краін. Удзельнікі выказалі агульнае перакананне, што існуе тэрміновая неабходнасць урэгулявання нявырашаных канфліктаў у рэгіёне.

Асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі хрысціянаў у рэгіёне і ўкладу, які яны могуць зрабіць на карысць грамадства.







All the contents on this site are copyrighted ©.