2011-02-23 15:10:00

Мальта: апазіцыя патрабуе рэферэндуму аб увядзенні разводу


RealAudioMP3 Парламент Мальты 16 сакавіка будзе абмяркоўваць патрэбу і магчымасць правядзення рэферэндуму ў справе ўвядзення разводаў. Яго правядзення патрабуе сацыялістычная апазіцыя. Бліжэйшае пасяджэнне павінна быць прысвечана гэтай тэме.

Прэм'ер-міністр Мальты Лоўрэнс Гонзі выступае супраць рэферэндуму. Такі рэферэндум не мае сэнсу, калі дэпутаты не адобраць праект закона аб разводзе, сказаў ён. Ён таксама папярэдзіў аб небяспецы рэферэндуму ў дадзеных абставінах. Калі падчас яго народ выкажацца за ўвядзенне разводаў, гэта можа прывесці да юрыдычных непаразуменняў, паколькі адсутнічае закон, які рэгулюе адносіны бакоў у дадзеных выпадках.

Мальта з'яўляецца адзінай краінай Еўрасаюзу, дзе развод не дазваляецца законам. Тым не менш, кожны год 150-200 шлюбаў ануліруецца. Мальта таксама прызнае замежныя разводы сваіх грамадзян, калі адзін з сужэнцаў мае пастаяннае месцажыхарства або грамадзянства іншай краіны. Гэта, каля 30 выпадкаў у год.

Біскупы Мальты выказаліся ў кастрычніку мінулага года супраць увядзення разводаў. У пастырскім пасланні яны заклікалі змяняць стаўленне да шлюбу, а не законы. Разводы ўводзіліся ў надзеі знайсці рашэнне для няўдалых шлюбаў. На самой справе, яны прынеслі яшчэ большыя праблемы, - падкрэслілі іерархі.







All the contents on this site are copyrighted ©.