2011-02-23 13:12:49

Канферэнцыя Біскупаў Ірландыі аб будучых выбарах у краіне


RealAudioMP3 У пятніцу, 25 лютага, у Ірландыі адбудуцца нацыянальныя выбары. З гэтай нагоды біскупы краіны звярнуліся з заклікам да вернікаў, каб яны зрабілі свой уклад у зацвярджэнне “моцнага кіраўніцтва краіны, якое мела б свае карані ў справядлівасці, агульным дабры і ў абароне асоб найбольш патрабуючых”.

З гэтай нагоды біскупы выдалі дакумент пад назвай “Ад крызісу да надзеі: працаваць для агульнага дабра”. Дапаможны Біскуп Дубліна Раймонд Філд у ходзе сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі заявіў, што “вочы свету зараз глядзяць на Ірландыю”, каб убачыць, ці краіна будзе ў стане рэагаваць на эканамічны і палітычны крызіс. Біскуп Філд сказаў, што дакумент ірландскіх біскупаў намагаецца дапамагчы выбаршчыкам “вызначыць каштоўнасці, якія трэба падтрымаць у гэты крытычны момант”.

Па даных урада ад 2008 года, эканоміка Ірландыі знаходзіцца ў стане рэцэсіі пасля дзесяці гадоў бесперапыннага росту. У дакуменце падкрэсліваецца, што цяперашні крызіс выклікаў сярод людзей зніжэнне даверу да дзяржаўных установаў, а таксама да каталіцкіх біскупаў. Гэта з’ява выклікала рост “індывідуалізму, які становіцца ўсё больш радыкальным”.

Біскупы краіны заклікаюць да змен, пачынаючы з фінансавых устаноў, “якія павінны стаяць на службе грамадства і ўносіць уклад у агульнае дабро”. У дакуменце адзначаецца таксама, што фундаментам грамадства з’яўляецца сям’я і яе традыцыйныя каштоўнасці, а таксама абарона ненароджаных.







All the contents on this site are copyrighted ©.