2011-02-23 16:27:50

Бэнэдыкт ХVI узгадаў жыццё і дасягненні святога Робэрта Бэлярміна


RealAudioMP3 23 лютага падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Святы Айцец у сваёй катэхезе ўзгадаў постаць святога Робэрта Бэлярміна, тэолага, дыпламата, доктара Касцёла, які жыў на рубяжы XVI–XVII стагоддзяў. Гэта была чарговая катэхеза Пантыфіка з цыклу пра выдатных дзеячаў і настаўнікаў Касцёла.

На пачатку аўдыенцыі Папа асвяціў статую св. Марона — манаха з Блізкага Усходу, які жыў у IV ст. і заснаваў Мараніцкі Касцёл, да якога належыць большасць хрысціян у Ліване. Затым статую змясцілі ў адной з унутраных наваў базылікі св. Пятра. На ўрачыстасці прысутнічалі, між іншым, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, мараніцкі Патрыярх Антыёхіі кардынал Насраллах П’ер Сфеір, Прэзідэнт Лівана Мішэль Сулейман і група ліванскіх прадстаўнікоў розных Касцёлаў і канфесій.

Спасылаючыся на падзеі, якія адбываліся ў заходнім Касцёле ў часы вялікіх расколаў і падзелаў на рубяжы ХVI–XVII стагоддзяў, Папа падкрэсліў, што прыклад гэтага вялікага святога паказвае, што сапраўднай рэформай з’яўляецца перамена сэрца, а ўсю дзейнасць Касцёла павінна ажыўляць малітва.

«Робэрт Бэлярміно нарадзіўся 4 кастрычніка 1542 года ў Монтэпульчана, непадалёку ад Сіены. Быў пляменнікам папы Марчэлла ІІ. Атрымаў выдатную гуманітарную адукацыю. 20 верасня 1560 года ўступіў у Таварыства Езуса». (...) «Святарскае пасвячэнне атрымаў 25 сакавіка 1570 года і на працягу некалькіх гадоў выкладаў тэалогію ў Лювэне (Бельгія). З 1588 г. па 1594 г. з’яўляўся духоўным кіраўніком студэнтаў езуіцкай Рымскай духоўнай семінарыі».

3 сакавіка 1599 года, як нагадаў Пантыфік, Робэрт Бэлярміно быў узнесены да годнасці кардынала папам Кліментам VIII і 18 сакавіка 1602 года стаў арцыбіскупам горада Капуа. У апошнія гады свайго жыцця напісаў некалькі кніг, у якіх пісаў аб духоўных практыкаваннях для святароў. Гэтыя працы і сёння з’яўляюцца вялікім здабыткам для хрысціянаў. Памёр 17 верасня 1621 года. Папа Пій ХI беатыфікаваў Робэрта Бэлярміно ў 1923 годзе, у 1930 годзе кананізаваў, а ў 1931 годзе далучыў да ліку дактароў Касцёла.

Гаворачы аб асобе св. Робэрта Бэлярміна, Святы Айцец адзначыў, што яго можна назваць прыкладам як добрага жыцця, так і добрай смерці, чыстага і глыбокага разважання над чалавечымі ўчынкамі і адказу за іх перад Богам. «Бэлярмін вучыць вельмі ясна і на прыкладзе ўласнага жыцця, што не можа быць сапраўднай рэформы Касцёла, калі перад гэтым няма асабістай рэформы і навяртання свайго сэрца», — падкрэсліў Папа. Пантыфік таксама адзначыў, што духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы дапамагалі Робэрту ў «прапаведаванні прыгажосці таямніцаў веры».

Святы Робэрт Бэлярмін адыграў важную ролю ў абцяжараным падзеламі і рэфармацыйным рухам Касцёле на рубяжы XVI–XVII стст., а яго праца «Кантраверсіі» сёння з’яўляецца каштоўным набыткам для каталіцкай эклезіялогіі. У працы ўзнімаюцца такія пытанні, як аб’яўленне, прырода Касцёла, сакрамэнты і тэалагічная антрапалогія. Святы звяртаў асаблівую ўвагу на інстытуцыянальнае вымярэнне Касцёла, якое было адной з прычын вялікіх памылак, што назіраліся ў той час у заходнім хрысціянстве. Таксама ён звяртаўся да «нябачных аспектаў Касцёла як містычнага Цела і ілюстраваў гэтую думку праз аналогію цела і душы, каб апісаць сувязі паміж унутранымі багаццямі Касцёла і знешнімі аспектамі».

Бэнэдыкт XVI распавёў таксама аб значэнні малітвы ў жыцці гэтага вялікага святога. Многія абавязкі, даручаныя яму ў Касцёле, — праца ў Рымскай Курыі, сустрэчы і тэалагічныя дыскусіі, дыпламатычная дзейнасць — не перашкаджалі яму ў штодзённым імкненні да святасці і ў захоўванні вернасці патрабаванням яго стану як законніка, святара і біскупа. Гэтая вернасць свайму пакліканню спрыяла і прапаведніцкай дзейнасці. «З’яўляючыся святаром і біскупам, ён, як пастыр, адчуваў абавязак гарачага прапаведавання», — адзначыў Пантыфік, дадаўшы, што святы Робэрт «прапануе нам малітву, якая ажыўляе ўсялякую дзейнасць; малітву, якая ўслухоўваецца ў словы Пана, не засяроджваецца на сабе, але з радасцю аддаецца Богу».

Як адзначыў Пантыфік, прыклад жыцця і дзейнасці св. Робэрта Бэлярміна застаецца актуальным і ў сённяшні час, і гэта датычыць асабліва яго малітвы і штодзённага разважання над сваімі ўчынкамі.

Пасля катэхезы Папа звярнуўся да вернікаў на розных мовах. Ён прывітаў вернікаў, якія прынеслі «Бэнэдыктынскі факел міру». Ён накіруецца ў Лондан, дзе будзе запалены падчас экуменічнага набажэнства. Папа таксама прывітаў моладзь, хворых і новыя сужэнскія пары.







All the contents on this site are copyrighted ©.