2011-02-22 10:52:23

Дэкрэт “Presbyterorum Ordinis”. “ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”. Выпуск 16


RealAudioMP3 Няма аднаўлення ў Касцёле без аднаўлення прэзбітэраў, - піша ў сваёй рубрыцы, прысвечанай спадчыне ІІ Ватыканскага Сабора, кс. Дырыюш Кавальчык. Ён прысвяціў яе сёння саборнаму дэкрэту “Presbyterorum Ordinis”. Гэта заява не з’яўляецца знакам клерыкальнага менталітэта, але праўдай, якая грунтуецца на структуры Касцёла па волі Пана. Другі Ватыканскі Сабор нагадвае, што сам Езус устанавіў “некаторых з іх слугамі, каб яны ў выніку пасвячэння мелі ў супольнасці вернікаў святую ўладу прыносіць Ахвяру i адпускаць грахі” (2)

Сабор “нагадвае ўсім пра высокую годнасць стану прэзбітэраў у Касцёле” (1), але з іншага боку вучыць, што прэзбітэры не “падаюць з неба”, а ўзятыя спасярод вернікаў і “жывуць сярод іншых людзей як браты сярод братоў” (3). Святары, такім чынам, павінны быць свядомымі велічыні свайго паклікання: не служыць самому сабе, таму што яны не маюць нічога, чаго не атрымалі б. Тут мы павінны ўзгадаць словы св. Аўгустына: “для вас я біскуп, з вамі я хрысціянін”.

Дэкрэт “Presbyterorum Ordinis” паказвае тры асноўныя абавязкі прэзбітэраў: абвяшчаць Божае Слова, цэлебраваць сакрамэнты і абвяшчаць любоў Бога. Святары павінны памятаць, “яны заўсёды павінны вучыць не сваёй мудрасці, (як хацелі б некаторыя тэолагі), але Божаму Слову” (4). Аднак, такое навучанне не заключаецца ў аўтаматычным паўтарэнні адных і тых жа формул, але “у дастасаванні адвечнай праўды Евангелля да канкрэтных умоў жыцця” (4).

Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае неабходнасць адзінства ў адносінах паміж біскупамі, прэзбітэрамі і дыяканамі, паміж духавенствам і законнікамі (NMI, 45). І тут мова не ідзе аб салідарнасці ў хаванні праблемаў, якія павінны быць прааналізаваныя і вырашаныя. Сабор звяртае ўвагу на “духоўнасць адзінства”, якая дазваляе святарам падтрымліваць адзін аднаго, робячы супольны ўклад для дабра Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.