2011-02-22 12:09:27

Бэнэдыкт XVI: Вялікі пост дае нам магчымасць здабыць новую канцэпцыю часу


RealAudioMP3 22 лютага было апублікавана пасланне Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост. У ім Святы Айцец звярнуўся да патрэбы аднаўлення жыцця, крыніцай якога з’яўляецца хрост. «Той факт, — заўважае Папа, — што ў большасці выпадкаў хрост прымаецца ў дзяцінстве, паказвае, што гэта дар Бога: ніхто не заслугоўвае вечнага жыцця ўласнымі сіламі. Міласэрнасць Бога, якая змывае грэх і дазваляе жыць у Езусе Хрысце (пар. Флп 2, 5), бескарысліва перадаецца чалавеку».

Хрост, як сцвярджае Пантыфік, не з’яўялецца абрадам мінулага, але сустрэчай з Хрыстом, якая фарміруе ўсё існаванне ахрышчанага, дае яму Божае жыццё, заклікае да шчырага навяртання, ініцыятарам і падтрымкай якога з’яўляецца ласка, што прыводзіць яго да дасягнення трывалай постаці Хрыста. «Асаблівая сувязь існуе паміж хростам і Вялікім постам, як добрым часам перажывання збаўчай ласкі», — адзначаецца ў сёлетнім пасланні.

Святы Айцец заўважае, што «вера ў змёртвыхпаўстанне памерлых і надзея на вечнае жыццё скіроўваюць наш позірк на канчатковы сэнс існавання: Бог стварыў чалавека для ўваскрасення і жыцця. Гэтая праўда надае сапраўднае і канчатковае вымярэнне гісторыі чалавецтва, асабістаму і грамадскаму жыццю людзей, культуры, палітыцы, эканоміцы. Пазбаўлены святла веры, увесь сусвет аказваецца замкнутым унутры грабніцы без будучыні, без надзеі».

«Наш уваход у смерць і ўваскрасенне Хрыста праз сакрамэнт хросту кожны дзень заахвочвае вызваліць сэрцы ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай прывязанасці да „зямлі“, што спусташае нас і перашкаджае быць гатовымі і адкрытымі на Бога і бліжняга», — піша Бэнэдыкт XVI.

Папа звяртае ўвагу на традыцыйныя практыкі ў часе посту: міласціну і малітву. Яны з’яўляюцца выразам нашага ўдзелу ў навяртанні. «Вялікі пост вучыць нас жыць у свеце ўсё больш радыкальнай любоўю Хрыста. Пост, які можа мець розную матывацыю, мае для хрысціяніна глыбокае рэлігійнае значэнне: робячы больш сціплым наш стол, мы вучымся пераадольваць эгаізм, каб жыць логікай дару і любові; пазбаўляючы сябе чагосьці — і не толькі непатрэбнага — мы вучымся адварочваць позірк ад нашага „я“, каб адкрыць кагосьці побач з намі і распазнаць Бога ў асобах нашых шматлікіх братоў. Пост у большай ступені адкрывае хрысціяніна на Бога і на патрэбы людзей і робіць так, што любоў да Бога становіцца таксама любоўю да бліжняга (пар. Мк 12, 31)».

«На нашым шляху мы сутыкаемся са спакусай валодання, прагнасці грошай, якія абмяжоўваюць першынства Бога ў нашым жыцці, — піша Пантыфік. — Жаданне мець правакуе насілле, злоўжыванне ўладай і смерць; таму Касцёл, асабліва падчас Вялікага посту, заклікае да практыкі міласціны, гэта значыць здольнасці дзяліцца. А ідалапаклоннае служэнне матэрыяльным дабротам не толькі аддаляе ад другой асобы, але нішчыць чалавека, робіць яго няшчасным, уводзіць яго ў зман, не рэалізуючы таго, што абяцае, паколькі ставіць матэрыяльныя рэчы на месца Бога, адзінай крыніцы жыцця».

У сваім пасланні Святы Айцец звярнтае ўвагу на значэнне Божага слова і малітву падчас Вялікага посту. «Касцёл з асаблівай шчодрасцю дае нам Божае Слова, — піша Пантыфік. — Разважаючы над ім і засвойваючы яго, каб жыць ім штодзённа, мы вучымся каштоўнай і незаменнай форме малітвы, бо ўважлівае слуханне Бога, які пастаянна звяртаецца да нашага сэрца, корміць падарожжа веры, якое мы распачалі ў дзень хросту. Малітва дае нам магчымасць здабыць новую канцэпцыю часу: на самой справе, без перспектывы вечнасці і трансцэндэнтнасці, ён проста адмярае нашы крокі ў бок гарызонту, які не мае будучыні».

«Час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльным часам для распазнання нашай слабасці, для шчырага перагляду жыцця, часам абнаўляльнай ласкі сакрамэнту пакаяння і рашучым крочаннем у накірунку Хрыста», — заўважае напрыканцы свайго паслання Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.