2011-02-21 16:30:31

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Наіўна аптымістычнае бачанне чалавека і Бога


RealAudioMP3 Для многіх здаецца зразумелым, што сапраўдная каталіцкая ідэнтычнасць грунтуецца на аўтарытэце Жывога Бога, які дзейсна прысутнічае ў Касцёле. Аднак, як мы заўважылі ў папярэдніх разважаннях, рэлігійнасць вернікаў часта становіцца залежнай ад іх жыццёвых перажыванняў. Вобраз чалавека можа настолькі абумоўліваць вобраз Бога, што пасля некаторым хрысціянам цяжка адрозніць, сколькі ў іх веры ад Бога, а сколькі ад уласнага меркавання.

Штодзённыя перажыванні, свет медыяў і стан грамадства становяцца для адных крыніцамі песімістычнага, а для другіх аптымістычнага бачання чалавека і яго адносінаў з Панам. У мінулай перадачы мы звярнулі ўвагу на небяспекі, якія крыюцца ў песімістычным падыходзе да веры. Сёння пастараемся заўважыць не менш актуальную ў рэлігійнасці з’яву – наіўна аптымістычнае бачанне чалавека і Бога.

Калі пазіцыю духоўнага песіміста можна акрэсліць выразам: “Бог – усё, я – нішто”, то крайні аптыміст будзе перакручваць гэты выраз дакладна наадварот. І хоць тэарэтычна ён не пагодзіцца з тэзісам, што Бог для яго нічога не значыць, то ў практыцы будзе дзейнічаць па прынцыпу: “я – усё”. Хрысціяне такога тыпу захапляюцца больш чалавекам, чым Богам. Яны любяць разважаць аб магутным патэнцыяле чалавечай натуры, яе схаваных магчымасцях. У адрозненні ад песіміста, які усё спісвае на волю лёсу, крайні аптымсіт перакананы, што яго лёс выключна ў ягоных руках. Завышаная вартасць чалавечай натуры і адначасова заніжаная ацэнка яе грахоўнасці прыводзіць да драматычных наступстваў.

Перакананне верніка ў бязмежным патэнцыяле чалавечай натуры ператварае яго ў аб’ект аўтакрэацыі і адарацыі. У рэлігійнай практыцы гэта выражаецца ў няспынным пошуку доказаў, што Бог даў яму моц і цяпер чакае яго самазбаўлення. Для такіх людзей ідэал хрысціяніна – гэта харызматык або экзарцыст. Але ад апошніх яны адрозніваюцца тым, што шукаюць больш дароў, чым Бога-Дарыцеля.

Жаданне раскрываць патэнцыял чалавечай натуры нараджае ў такіх асобах перакананне, што Пан ужо ўсё даў чалавеку. Належыць толькі адкрываць і выкарыстоўваць. Таму на першы план высоўваецца праграма шматбаковага развіцця чалавека, вера зводзіцца да маралі, містыка да ёгі. Цела тэарэтычна выдаецца за важны, а практычна – за найважнейшы элемент натуры. Тут няма месца на мову пра грэшнасць. А для Пана Бога адводзіцца роля адмысловага “добрага чараўніка”, які павінен даваць і даваць. Няма месца на пошук волі Бога, медытацыю, адарацыю. Толькі дзеянне. Кожная пабожная практыка не скіраваная на чалавека разглядаецца як марнаванне часу і людской натуры.

Не цяжка здагадацца, што найбольшым ворагам такой рэлігійнай паставы становіцца аскеза, пост, кожная форма нейкага паўстрымання ці абмежавання чалавека. Бо аскеза патрэбная тым, хто змагаецца з хібамі, хто імкнецца ўтаймаваць знявечаную натуру, апанаваць інстынкты і ўмацаваць волю. Урэшце аскеза магчыма там, дзе ёсць ахвярнасць, прысвячэнне, дар для другога. А для сканцэнтраванага на сабе верніка існуе толькі адзін кірунак – браць і ўзбагачацца.

Яскравым паказчыкам духоўнага самагубства такіх адмысловых “чалавекалюбаў” з’яўляецца іх стаўленне да святых сакрамэнтаў. Такія асобы не маюць пачуцця грэшнасці, не жадаюць хадзіць на споведзь, гатовыя прымаць Св. Камунію, калі ім захочацца. У іх адсутнічае пачуццё святасці, што можна заўважыць па паводзінах у касцёле, на літургіі, адносна касцёльных аўтарытэтаў. Для такіх людзей існуе толькі адна норма і адзін аўтарытэт – іх уласныя ўяўленні.

Здаецца, не трэба тлумачыць, што асноўная памылка такіх людзей у тым, што яны чалавека ставяць на месца Бога. Здаровая каталіцкая вера ведае толькі адно першае месца, якое належыць толькі Пану - Стварыцелю і Збавіцелю. Таму сапраўдны хрысціянін і католік – гэта той, хто няспынна шукае кантакту з любячым Богам. З Яго аўтарытэту выплывае павага і любоў да Касцёла – святой супольнасці грэшнікаў, якіх Пан упэўнена вядзе шляхам Збаўлення.
кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.