2011-02-21 10:52:19

ЗША: наступны крок да спынення дзяржфінансавання абортаў


RealAudioMP3 19 лютага Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла законапраект, які абмяжоўвае дзяржфінансаванне абортаў. Гэты дакумент прадугледжвае спыненне фінансавання дзяржавай Амерыканскай федэрацыі планавання сям'і - найбуйнейшай у ЗША грамадскай арганізацыі, якая падтрымлівае аборты, паведамляе сайт "Christian Post". Зараз для ўступлення законапраекта ў сілу трэба адабрэнне Сената.

Дадзеная заканадаўчая мера - крок на шляху да поўнага спынення дзяржфінансавання арганізацый, якія падтрымліваюць практыку абортаў, адзначае выданне.

"Я лічу, што амаральна забіваць нявіннае чалавечае жыццё. Таксама лічу амаральным забіраць долары ў мільёнаў амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў, якія выступаюць супраць абортаў, і выкарыстоўваць іх на фінансаванне арганізацый, якія падтрымліваюць аборты, накшталт Федэрацыі планавання сям'і", - сказаў аўтар законапраекта рэспубліканец Майк Пэнс.

Нядаўна Амерыканская федэрацыя планавання сям'і абвясціла, што яе агульны даход ужо складае 363 млн. долараў, прычым 53 млн. долараў ёй удалося атрымаць за кошт дзяржфінансавання. Толькі за мінулы год пры ўдзеле гэтай арганізацыі было здзейснена больш за 320 тыс. абортаў.

У сакавіку мінулага года прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў указ аб абмежаванні фінансавання абортаў з федэральнага бюджэту, фактычна пацвердзіўшы папраўку да закона 1977 года аб абмежаванні дзяржфінансавання абортаў за выключэннем выпадкаў згвалтавання, інцэсту і сітуацый, калі жыццю маці пагражае небяспека.







All the contents on this site are copyrighted ©.