2011-02-18 12:30:16

Бэнэдыкт XVI: гламур не задавальняе натуральнае жаданне шчасця


RealAudioMP3 Сёння Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Філіпін, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina”.

Падчас свайго звароту да іерархаў Касцёла на Філіпінах Пантыфік адзначыў неабходнасць барацьбы з наступствамі секулярызму, спажывецтва і матэрыялізму, якія з’яўляюцца праявамі разумення свабоды не спалучанай з Богам.

“Каб захаваць Бога ў сэрцы вернікаў, духавенства павінна імкнуцца данесці Яго да кожнага. Паказаць што Бог існуе, што Ён любіць чалавека, што Ён можа адказаць на самыя глыбокія пытанні чалавека. У такім кантэксце задача евангелізацыі палягае на тым, каб прапанаваць чалавеку ўсталяваць глыбокія асабістыя адносіны з Богам”, - сказаў Папа.

Акрамя таго Пантыфік адзначыў той вялікі плён у справе евангелізацыі, асабліва моладзі, які прынеслі свецкія супольнасці і грамадскія арганізацыі на Філіпінах, і заклікаў да пастырскай апекі над імі.

Папа станоўча адзначыў вялікую колькасць вернікаў сярод маладых людзей на Філіпінах. “Я заклікаю вас нагадваць маладым людзям, што гламур не задаволіць іх натуральнае жаданне шчасця. Толькі сапраўднае сяброўства з Богам можа дапамагчы ім вырвацца з путаў адзіноты, ад якой так пакутуе сённяшні свет. Сяброўства з Богам дапамагае ўсталяваць трывалыя і сапраўдныя адносіны з іншымі, а таксама нараджае жаданне служыць тым, каго мы любім у Хрысце”, - сказаў Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з біскупамі з Філіпін.







All the contents on this site are copyrighted ©.