2011-02-17 13:57:23

Белград: сустрэча каталіцкіх епіскапатаў і хрысціянскіх Цэркваў Еўропы


RealAudioMP3 17 лютага ў Белградзе пачалося пасяджэнне Сумеснага камітэта Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы (CCEE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK). Асноўнай тэмай нарады, якая працягнецца да 20 лютага, будзе ўклад хрысціянаў розных канфесій у стварэнне нацыянальнай тоеснасці і еўрапейскую інтэграцыю. Важнай тэмай будзе таксама падрыхтоўка да экуменічных святкаванняў 1700 гадавіны Медыяланскага эдыкта. “Гэтыя ўрачыстасці будуць праходзіць у 2013 годзе ў горадзе Ніш, дзе нарадзіўся імператар Канстанцін” - сказаў нашаму радыё арцыбіскуп Белграда Станіслаў Хочэвар. Ён нагадау таксама, што “у 2013 годзе будзе адзначацца 150 гадавіна прыбыцця апосталаў славянаў, святых Кірыла і Мятода, у Маравію”.

Медыяланскі эдыкт паклаў канец пераследаванням хрысціянаў у Рымскай імперыі, гарантуючы “ім, і наогул усім людзям, свабоду ў выбары рэлігіі”.

Арцыбіскуп Хочэвар нагадаў, “што ў чэрвені гэтага года з візітам у Харватыю прыбудзе папа Бэнэдыкт ХVI. Гэта краіна як і Сербія жадае ўступіць у Еўрапейскі Саюз. Падтрымка гэтых краін у іх імкненні да Еўрасаюза будзе таксама абмяркоўвацца на сустрэчы у Белградзе”.

“Мы ад усяго сэрца жадаем, каб менавіта тут, на мяжы паміж Захадам і Усходам, здзейсніць абмен думкамі аб культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці народаў Еўропы, і падумаць над тым, якім чынам мы маглі б падтрымаць суіснаванне хрысціянскіх Касцёлаў, а таксама прымірэнне і супрацоўніцтва ў Еўропе” - сказаў іерарх у інтэрв’ю нашай радыёстанцыі.

Сумесны камітэт існуе ад 1972 года і яго мэтай з’яўляецца супрацоўніцтва паміж Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў (да якой належыць 120 праваслаўных, старакаталіцкіх, пратэстанцкіх і англіканскіх супольнасцяў) і Радай Канферэнцый Біскупаў Еўропы, да якой належаць 33 каталіцкія епіскапаты кантынента.








All the contents on this site are copyrighted ©.