2011-02-16 11:27:14

Бэнэдыкт XVI і Мядзведзеў "звераць гадзіннікі" па знешнепалітычнай праблематыцы


RealAudioMP3 Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў наведае 17 лютага з рабочым візітам Ватыкан, дзе сустрэнецца з папам Бэнэдыктам XVI і кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ. "Гэта будзе першы ў гісторыі візіт кіраўніка расійскай дзяржавы ў Ватыкан пасля ўстанаўлення ў снежні 2009 паміж нашымі краінамі паўнафарматных дыпламатычных адносінаў” - паведаміў "Інтэрфаксу" памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька.

Як паведаміў прадстаўнік Крамля, Прэзідэнт Мядзведзеў і папа Бэнэдыкт XVI звераць гадзіннікі па знешнепалітычнай праблематыцы, абмяркуюць архітэктуру еўрапейскай бяспекі, узаемадзеянне паміж Расіяй і Святым Пасадам у рамках міжнародных арганізацый - ААН, Савета Еўропы, АБСЕ. "Расія і Апостальская Сталіца займаюць блізкія пазіцыі па многіх знешнепалітычных праблемах на аснове прыярытэту міжнародна-прававых і маральных нормаў у міждзяржаўных зносінах", - адзначыў Прыходзька.

Паводле яго інфармацыі, Прэзідэнт і Пантыфік асобна спыняцца на тэматыцы развіцця міжканфесійнага дыялогу. Ён не выключыў, што ў ходзе сустрэчы можа быць закранутая тэма ўзаемадзеяння Рускай Праваслаўнай Царквы і Рымскай Курыі. Паводле слоў прадстаўніка Крамля, Бэнэдыкт XVI "займае адкрытую пазіцыю па дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі".

У Крамлі адзначаюць, што прыкладам каардынацыі дзеянняў Расіі і Ватыкана ў пытаннях культурна-цывілізацыйнага і маральнага характару служыць сумесная праца па справе "Лаўтсі супраць Італіі", у якой Расія выступіла ў якасці трэцяга боку ў падтрымку італьянскага пазову. У сваю чаргу Ватыкан аказвае самую актыўную знешнепалітычную падтрымку Італіі. У сувязі з гэтым бакі абмяркуюць сітуацыю ў святле прынятага напярэдадні Вялікай палатай Еўрапейскага суда па правах чалавека вердыкта па гэтай справе, паведаміў Прыходзька.

Паводле яго інфармацыі, гаворка на сустрэчы ў Ватыкане пойдзе таксама аб узаемадзеянні паміж адукацыйнымі ўстановамі, аб супрацоўніцтве па лініі гістарычнай навукі, аб узаемадзеянні ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, у пытаннях культуры і мастацтва.

Кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмяркуюць, у прыватнасці, мерапрыемствы ў сферы культуры, якія будуць праводзіцца ў рамках Года расійскай культуры і рускай мовы ў Італіі і Года італьянскай культуры і італьянскага мовы ў Расіі. Старт гэтым мерапрыемствам дадуць напярэдадні Дзмітрый Мядзведзеў і прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана.

Ватыкан мае намер прадставіць для экспазіцыі ў Маскве карціну Караваджо "Палажэнне ў магілу" з калекцыі Ватыканскіх музеяў, а таксама правесці ў сябе выставу "Фабержэ. Святыя вобразы".







All the contents on this site are copyrighted ©.